Зміцер Дашкевіч: Замест таго, каб адведваць сотні нявінна арыштаваных, вы адведалі д'ябла

«У час, калі сотні палітвязняў стогнуць у турмах, тысячы сваякоў стогнуць без нявінна арыштаваных татаў і матуляў, сыноў і дачок — царкоўныя кіраўнікі ганарова засядаюць на VI з'ездзе акупацыйнай адміністрацыі».
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Актывіст распавёў у фэйсбуку, што забраў з пошты два мяхі лістоў палітвязням, якія не прапусціла адміністрацыя турмы ў Жодзіна. Перад тым мех лістоў вярнула вязніца на Валадарскага. Пад забаронай аказаліся паштоўкі з Раством і Новы Запавет.

«"Часам не да закону" лагічна вярнулася да сваёй першапачатковай формы — "не да закону": на мае скаргі ў пракуратуру са спасылкамі на парушаныя нормы іхняга ж "закону" нават ніхто адказы не дасылае», — піша Зміцер Дашкевіч.

Ён прызнаецца, што ў роспачы ад колькасці вернутай карэспандэнцыі і не ведае, як з гэтым змагацца далей.

«Хіба што пакіну для будучага музею 26-гадовай акупацыі гэтыя лісты, на якія нашчадкі будуць глядзець і дзівіцца маштабу бязмежжа — забараніць Евангелле нават нацысцкая акупацыя не патрапіла. Хоць камуністычная і лукашэнкаўская неакамуністычная з гэтым спраўляліся і спраўляюцца добра».

Актывіст зазначае, што не бачыць у гэтым нічога дзіўнага, бо такія рэчы цалкам адпавядаюць ідэалам саўка, якія да нас вярнуліся. Сярод іх ён узгадвае лукашэнкаўскі УНС, які праходзіў на мінулым тыдні.

«Што мяне дзівіць сёння, дык гэта прысутнасць у прэзыдыуме гэтых з'ездаў царкоўных іерархаў. Ладна праваслаўная царква — яна даўно і надзейна на службе пасінеўшага Ірада. Але ж Касцёл, кіраўнікамі якога мы так захапляліся апошнія паўгода, як ён апынуўся на радзе бязбожных? У час, калі сотні палітвязняў стогнуць у турмах, тысячы сваякоў стогнуць без нявінна арыштаваных татаў і матуляў, сыноў і дачок — царкоўныя кіраўнікі ганарова засядаюць на VI з'ездзе акупацыйнай адміністрацыі. Чаму так з імі адбываецца правільна напісаў неяк атэіст (які па-сутнасці больш веруючы за многіх кіраўнікоў цэркваў) Стась Карпаў: справа ў тым, што яны Лукашэнку баяцца больш, чым Бога.

Магчыма, царкоўнікі думаюць пра сябе, што ў іх усё схоплена Наверсе, але могуць яны і самі здзівіцца, пачуўшы на судзе знаёмую нам прыпавесць Ісуса Хрыста: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”. Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не паслужылі Табе?” Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі" (Мц. 25:41-45). І вось вы сядзіце на з'ездзе Хлуса і Бацькі ўсялякай хлусні ды слухаеце пра тое, як губернатары яму па пару працэнтаў дамалёўвалі — і зліваецеся з ім у адно. А тым часам у вязніцах катуюць людзей: без магчымасці абароны судзяць праз кампутары і нават тэлефоны, не дазваляюць перадачы і нават жанчыны не маюць сродкаў асабістай гігіены, цяпер вось забаранілі атрымаць Евангелле.

Замест таго, каб адведваць сотні нявінна арыштаваных, вы адведалі д'ябла і дзяцей ягоных. Калі вы скажаце, што я перафарбоўваю метафары, пачытайце апостала Яна: "Дзеці Божыя і дзеці д'яблавыя пазнаюцца так: кожны, хто не чыніць праўды, не ёсць ад Бога" (Яна 3:10). Таму і сказаў пра вас Той, Хто Сам быў нявінна арыштаваны, нявінна асуджаны і нявінна прыбіты да крыжа: "Мытнікі і прастытуткі пойдуць перад вамі ў Валадарства Божае" (Мц. 21:23). Сотні тысяч няверуючых, якія цяпер змагаюцца за праўду і за праўду ідуць у вязніцы — гэта ёсць дзеці Божыя, якіх шукае і якіх прагне прымірыць з Сабою іхны Нябёсны Тата. У той час, як сотні тысяч, якія хлусяць на з'ездах і на судзілішчах, чыняць гвалт над вязнямі і іх сем'ямі, — гэта ёсць дзеці д'яблавы. Сёння кожны сам выбірае, з кім быць разам — з дзецьмі Божымі ў вязьніцах ці дзецьмі д'яблавымі на іхных сходах».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: