Зміцер Дашкевіч: Зробім разам Беларусь бел-чырвона-белай!

Зміцер Дашкевіч атрымаў адказ Міністэрства культуры на калектыўны зварот 10,5 тысяч грамадзян з патрабаваннем надаць бел-чырвона-беламу сцягу статус гістарычнай каштоўнасці.

На сваёй старонцы ў фэйсбуку Дашкевіч адзначае: 

«З аднаго боку, зьдзіўляе глупасьць фармулёвак. Так Мінкульт піша: "У прадстаўленай у міністэрства культуры прапанове не ўтрымліваецца дакумантальнага абгрунтаваньня і поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі графічнымі сродкамі элемента, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці". Гэта выходзіць што, я павінен падняць з архіваў дакуманталную фіксацыю сьцяга, які з 91-га па 95-ты гады быў дзяржаўным, ці гэта павінен зрабіць Мінкульт? Бо інакш для чаго мы з падаткаў фінансуем гэту структуру дармаедаў?».


Адказ утрымлівае цытату з ліста Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, згодна з якім "для падрыхтоўкі навуковага абгрунтавання адзначанай калектыўнай прапановы грамадзян неабходна правесці грунтоўнае навуковае даследаванне з мэтай выяўлення арыгінальных архіўных дакумантаў і матэрыялаў, што патрабуе працяглай працы вучоных і адпаведных фінансавых выдаткаў".

«Цікава, ім самім ня сьмешна? Для таго, каб знайсьці фотку Лукашэнкі, дзе ён прысягаў пад бел-чырвона-белым сьцягам, акадэмікам трэба правесьці "грунтоўнае навуковае дасьледаваньне"! Што ж, мы ім дапаможам, вышлю ім тую самую фотку - няхай зьбіраюць вучоных і дасьледуюць».


У выніку прапанова аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці накіравана ў Нацыянальную акадэмію навук, дзе будзе вывучацца з улікам выдаткавання сродкаў на навуковыя даследаванні ў новым фінансавым годзе.


Зміцер Дашкевіч прапануе дапамагчы акадэмікам і вучоным зрабіць 2017 год — год 500-годдзя беларускай Бібліі Скарыны, таксама і годам бел-чырвона-белага сцяга. І заклікае ўсіх патрыётаў у навагоднюю ноч выйсці пад бел-чырвона-белым сцягам на галоўныя вуліцы нашых гарадоў! Прынамсі, у Мінску абвешчаны збор а 23:45 на пл. Кастуся Каліноўскага.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: