Зміцер Казакевіч: Герб Расійскай імперыі ў Відзах — гэта недарэчнасць

Віцебскі журналіст Зміцер Казакевіч склаў петыцыю ў Браслаўскі райвыканкам і Міністэрства культуры, каб дэмантаваць помнік-камень з гербам Расійскай імперыі, усталяваны сёлета ў цэнтры мястэчка Відзы Браслаўскага раёна.

Устаноўку каменя-помніка ў гонар заснавання ў 1803 годзе Відзаўскага павятовага вучылішча ініцыявала кіраўніцтва мясцовага прафесійна-тэхнічнага каледжу.

Зміцер Казакевіч ездзіў у Відзы да сваякоў, і быў уражаны  ўбачаным:

— Пайшлі ў цэнтр у краму, і я заўважыў гэты камень. Стаіць у такім скверыку за інтэрнатам каледжу. Я спачатку заўважыў птушку і задумаўся: а да чаго тут польскі герб? Потым прыгледзеўся — не, з гербам Расійскай імперыі.

Апрача шыльды з дзвюхгаловым арлом, на камяні выбіты надпіс: “1 верасня 1803 году па ўказе цара Аляксандра І было адкрыта Відзаўскае гарадское павятовае вучылішча ў горадзе Відзы Ковенскай губэрні Віленскай адукацыйнай акругі”. Але расейскі імператар ніколі не аддаваў такога загаду — была ўсяго толькі агульная пастанова наконт стварэння павятовых вучэльняў у мястэчках Расійскай імперыі.


Больш за тое: ёсць дакументы, што вучэльню ў Відзах збудавалі і адчынілі манахі-канонікі рэгулярныя. Ёсць і іншыя гістарычныя недакладнасці, а да ўсяго — помнік усталявалі без дазволу Міністэрства культуры. Таму стваральнік петыцыі прапануе яго дэмантаваць:

— Камень мусіць быць дэмантаваны. Могуць быць і больш лагодныя варыянты: адрэдагаваць тэкст. І абавязкова зняць гэтую шыльду з гербам Расійскай імперыі.

Паводле жыхароў Відзаў, яны ўжо не першы год назіраюць спробы звязаць заснаванне вучэльні з гісторыяй Расійскай імперыі. Так, пару гадоў таму ў мястэчку з’явілася кавярня з назвай па-руску “Традиция 1803”. Харчовая кропка належыць таму самаму каледжу, заснаванаму ў 1803-м годзе нібыта па загадзе імператара Аляксандра Першага. Асобная студэнцкая сталоўка таксама аформленая ў падобнай канцэпцыі: на сценах з аднаго боку — краявіды Відзаў, з другога — гістарычныя выявы Санкт-Пецярбургу.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: