Зміцер Паліенка: Яны наогул не заслугоўваюць пазбаўлення волі

Прадстаўнік анархічнага руху Зміцер Паліенка распавёў, чаму палітвязням Мікіце Емяльянаву і Івана Комару зменшылі пакаранне.



Як вядома, 27 сакавіка судовая калегія Мінскага гарадскога суда разглядзела апеляцыйныя скаргі актывістаў анархісцкага руху Мікіты Емяльянава і Івана Комара, якія праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі.

У выніку прысуд быў зменены: Мікіта Емяльянаў атрымаў 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; Іван Комар – 3 гады і 6 месяцаў.

Раней судом Савецкага раёна Мінска актывістам было прызначана пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі кожнаму.

Зміцер Паліенка адзначыў у каментары Радыё Рацыя:

— Хлопцы наогул не заслугоўваюць пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі. Некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі, якія крадуць сотнямі тысяч долараў, атрымліваюць меншыя тэрміны, а тут шкоды на 100 рублёў, а справу раздзьмулі на ўвесь свет. Але не варта забываць, што ўсе суды ў нас цалкам залежныя ад тых, хто стаіць над імі. Пры дыктатуры сумленных і справядлівых судоў не можа існаваць.

— Але Мінскі гарадскі суд зменшыў тэрміны зняволення…

— Натуральна, добра, што тэрміны зменшаны, але і тут трэба разумець, што такія “пернікі” дзяржава падаравала толькі таму, што Комар і Емяльянаў прызнаныя палітвязнямі. Ім трэба паказаць, што дзяржава, маўляў, адказна падышла да справы і як быццам справядліва разабралася ў ёй. Перад міжнароднымі еўрапейскімі структурамі трэба ж будзе трымаць справаздачу. Насамрэч, як ужо казаў, пакаранне ўсё роўна несуразмернае таму, што хлопцы зрабілі. 

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: