Зміцер Паліенка можа выйсці на волю 25 ліпеня

Такую інфармацыю жонка актывіста атрымала ад дзяжурнага ў Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Але наколькі можна ёй верыць, Наста Паліенка сказаць не можа.
Сёння ў анархіста Змітра Паліенкі скончыліся першыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту за заклікі да ўдзелу ў флэшмобе. Нягледзячы на тое, што некалькі дзён таму жонка актывіста Наста Паліенка атрымала інфармацыю ад сукамерніка мужа аб 45 сутках арышту, яна паехала сустракаць яго да ізалятара на Акрэсціна.
  
— Дзяжурны сказаў: «Чаму вы сустракаеце яго сёння, калі ў яго пратакол затрымання з 10 чысла?». А суд быў 8-га. Атрымліваецца, два дні некуды зніклі. Таксама дзяжурны сказаў, што ў Змітра няма новых пратаколаў і, адпаведна, сутак. Разам з тым у судзе Першамайскага раёна ёсць дакументы па справе за парушэнне артыкула 23.4 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі), але суда яшчэ не было. Адвакат учора ездзіў туды, пакінуў свае даныя, і яму павінны будуць паведаміць, калі будзе суд. Таму гэтыя два дні, магчыма, муж сядзеў па крымінальнай справе ў ІЧУ. Ён і цяпер там знаходзіцца, — распавяла «Новаму Часу» Наста Паліенка.

Такім чынам, магчыма, Зміцер Паліенка выйдзе на волю паслязаўтра, 25 ліпеня, калі за гэты час не адбудзецца суд па артыкуле 23.4 КаАП і яму не дадуць новыя суткі. Наста Паліенка збіраецца ў суботу з 8 раніцы дзяжурыць каля ізалятара.

— Дзіма 15 сутак трымае галадоўку, і яго могуць адпусціць, каб ён там не памёр. Бо, калі будуць яшчэ суткі, ён будзе трымаць галадоўку да смерці, дакладней, да таго моманту, пакуль да яго не выклічуць «хуткую» — мы з ім размаўлялі пра гэта.

Жонка зазначае, што ў Змітра Паліенкі пасля ўсіх арыштаў з’явіліся вялікія праблемы са здароўем. Калі яго выпусцяць, яна збіраецца накіраваць яго ў шпіталь.

 Я не веру нічому, што яны (у ІЧУ. — НЧ.) кажуць, але мне больш няма адкуль узяць інфармацыю, — гаворыць Наста Паліенка, узгадваючы ўчорашняе паведамленне аб магчымым вызваленні Паўла Севярынца, якое так і не адбылося. — Праверыць я магу, толькі калі прыеду і буду чакаць.

Нагадаем, Змітру Паліенку 8 ліпеня ў судзе Першамайскага раёна прысудзілі 15 сутак арышту за размешчаны ў фэйсбуку допіс з заклікам прыняць удзел у флэшмобе — па вечарах бразгаць з адчыненых вокнаў і балконаў пустымі рондалямі. У той жа дзень падчас перапынку ў яго апыталі ў межах заведзенай крымінальнай справы па абразе супрацоўніка міліцыі.

Як стала вядома пазней, 10 ліпеня над Змітром Паліенкам у зняволенні зноў адбыўся суд, вынік якога не паведамілі.

20 ліпеня з роднымі Паліенкі звязаўся сукамернік актывіста, які сказаў, што над вязнем адбыўся яшчэ адзін суд, дзе яму далі 20 сутак. І нібыта быў яшчэ трэці суд, дзе яму далі яшчэ 10 сутак. Такім чынам, калі гэта праўда, сумарна актывісту налічылі 45 сутак арышту і выйсці на волю ён можа толькі 23 жніўня.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: