Зміцер Паліенка затрыманы. Сёння суд (абноўлена)

Актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка затрыманы сёння, 16 верасня, у Глускім РАУС, куды ён прыйшоў адзначацца па правілах прысуджанай яму "хатняй хіміі".
Зміцер Паліенка пасля вызвалення. Фота з фэйсбука Насты Паліенка

Зміцер Паліенка пасля вызвалення. Фота з фэйсбука Насты Паліенка




Апошнім часам сям'я Паліенкаў жыве ў Глускім раёне, і спадзявалася, што ўвага да іх там будзе меншай.

Падставай для затрымання Змітра стаў нібыта заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, размешчаны ў фэйсбуку. Суд над актывістам мусіць адбыцца сёння ў Глускім раёным судзе.

Адметна, што жонку Змітра Насту Паліенка супрацоўнікі міліцыі таксама хочуць апытаць і пагражаюць ёй прымусовым прыводам з нагоды неапланачана штрафа ў памеры 400 рублёў.

Абноўлена: Пачаўся суд. Паводле суддзі, Паліенку абвінавачваюць у размяшчэнні ў тэлеграм-канале "Стоп Лука" закліку ісці на марш.


Увечары стала вядома, што падчас пасяджэння ў доме Насты, дзе жывуць Паліенкі, адбыўся агляд. Акрамя міліцыянтаў на ім прысутнічаў старшыня калгасу.

У выніку справу адправілі на дапрацоўку, але Змітра не вызвалілі. У РАУСе яго жонцы паведамілі, што зараз яго прывязуць назад і будуць судзіць, а ў судзе — што суд закрыўся, і ніхто яго судзіць не будзе.

Дапоўнена: Зміцер Паліенка вызвалены да суда, які павінен адбыцца заўтра а 10 гадзіне. Паводле інфармацыі Насты Паліенка, пакуль ён быў затрыманы, пратакол дапрацоўвалі. Мясцовым міліцыянтам тэлефанавалі з  ГУБАЗіКа і дыктавалі, якія пытанні трэба задаць Паліенку.

Што тычыцца роліка, то Зміцер пацвердзіў, што размясціў яго, але ў закрытай групе ў фэйсбуку, да якой няма прамога доступу, і не ў той дзень, які пазначаны ў пратаколе. Гэты ролік нідзе нельга знайсці. Такім чынам, роліка няма, доказаў закліку да звяржэння ўлады, якія нібыта ў ім утрымліваюцца паводле новага пратаколу, няма, але суд будзе.

Дарэчы, як адзначае Наста, глускія міліцыянты паводзілі сябе вельмі карэктна: паілі Змітра кавай, вадзілі паліць, колькі трэба было, так што да іх ніякіх прэтэнзій.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: