Зміцер Захарэвіч: такой салідарнасці ў 2001-м не было

Апошні вечар зімы. Лагер абаронцаў Курапатаў. Цёпла, толькі каля дзясятай вечару ўсхадзіўся вецер і народ стаў туліцца да бочак з вогнішчам. Скварчаць кілбаскі, грэецца гарбата.

Я не была ў лагеры з ранку суботы, ездзіла на Палессе здымаць Масленку. За гэты час акультураная пляцоўка паболела дзякуючы новым паддонам, з’явілася сцэна, новыя намёты. Лагер выглядае лепш арганізаваным, акуратным.

Часта падыходзяць мясцовыя жыхары. Адна жанчына прынесла тэрмас гарбаты, тару паабяцала забраць ранкам, ідучы на працу. Назвала нумар кватэры і запрасіла: “Заходзьце, калі што”. Другая прынесла каструлю з чымсьці гарачым, верагодна, катлеты, я не паспела паглядзець.


Сярод абаронцаў — бард Зміцер Захарэвіч. Ён удзельнічаў у васьмесячнай абароне Курапатаў у 2001-м.

— Скажыце, чым аднолькавая і адрозная абарона Курапатаў 2001-га  і 2017 гадоў?

Падабенства найперш у тым, што менавіта моладзь і тады, і цяпер стала ў авангардзе супраціву нават не тое што прававому бязмежжу, а, я б сказаў, блюзнерству ўладаў. Я сам у 2001-м быў прыкладна ў тым жа ўзросце, што і хлопцы, якія сёлета распачалі пратэст. Я і зараз не тое каб ужо сівы стары дзядзька, але ўсё ж значна старэйшы за ініцыятараў супраціву. Адрозненні ў тым, што сітуацыя тады значна даўжэй вырашалася ў параўнанні з тым, што мы назіраем цяпер. Мы бачым, што тэма Курапатаў загучала і ў дзяржаўных СМІ, да таго ж вельмі хутка пасля пачатку пратэсту.

У 2001-м, канечне, такога не было. Згуляла сваю ролю и тое, што кальцавая дарога — гэта ўсё ж сацыяльна значны аб’ект, яна патрэбная для інфраструктуры горада. Яе, безумоўна, трэба было перабудоўваць, рабіць сучаснай. І таму людзі, асабліва ад пачатку, ставіліся да пратэсту скептычна. У выніку кальцавая пабудаваная, але аднесеная далей ад мемарыялу, чым планавалася ад пачатку.

Зараз праблема будаўніцтва офіснага цэнтру пад вокнамі жылых дамоў закранула непасрэдныя інтарэсы мясцовых жыхароў, зачапіла іх за жывое. Я не бяру пакуль аспект маралі і закону, што пляцоўка была перададзена забудоўцу ў той час, калі гэта яшчэ была ахоўная зона.

Акрамя таго цяпер у нашай дзяржаве назіраецца глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс. А 2001-ы быў адносна “сытым” годам. Таму зараз пратэстны настрой у грамадстве больш адчувальны. Мы гэта бачым праз падтрымку мясцовых, і не толькі мясцовых жыхароў: прыносяць і прывозяць дровы, ваду, катлеты, тэрмасы з гарачай гарбатай. Я не скажу, што ў 2001-м мы не мелі падтрымкі ад мясцовых людзей: запрашалі памыцца, пабыць у цяпле, папіць гарбаты і пагутарыць. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі, падтрымка не мела такога масавага характару, як цяпер. Такой салідарнасці не было.

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

Больш за тое,19 красавіка намёт наш падпалілі. Адзін з абаронцаў, Алесь Поклад, вельмі моцна абгарэў, трапіў у рэанімацыю. Мы здавалі для яго кроў, яму рабілі перасадку скуры… Усё абышлося, твар не пацярпеў, хаця на целе засталіся сляды ад апёкаў. У міліцыі справа аб падпале засталася вісяком, як і справы аб нападах на абаронцаў, якія па аднаму позна вярталіся на аўтобус.

У 2001-м мы стаялі 250 дзён, спадзяюся зараз усё вырашыцца раней. Можа, у мяне пэўная эйфарыя, але веру, што ніякіх эксцэсаў гэтым разам не здарыцца. Галоўнае, каб тут былі людзі, асабліва ўначы і ранкам, калі на будаўнічую пляцоўку можа вярнуцца тэхніка. Таму прыходзьце!

Дамоў з лагеру выпраўляюся на гадзіну пазней, чым планавала, вельмі ўжо ўтульна. Прыемна проста прыйсці, пагутарыць з людзьмі, хоць неяк падтрымаць. Для ахвочых нешта зрабіць праца заўжды знойдзецца: можна збіваць мэблю, парадкаваць ежу, падкідаць дровы ў вогнішча.

Фота Алены Ляшкевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: