Зміцера Паліенку за месяц да вызвалення пазбавілі спаткання з бацькам

Зміцер Паліенка павінен выйсці на волю 24 кастрычніка. На 25 верасня ў яго было запланавана спатканне з ягоным бацькам. Але яно было раптам адменена адміністрацыяй калоніі.

Пра гэта ў фейсбуку паведаміла Марына Насенка.

Яна піша, што напярэдадні адміністрацыя калоніі зрабіла ў рэчах Паліенкі шмон: забралі ўсе паштоўкі і асадкі, лісты, якія ён хацеў дасылаць на днях сам, у тым ліку запісы з тэлефонамі родных.

На падставе таго, што гэтыя рэчы "не адпавядаюць спісу", яму адмянілі спатканне з бацькам. "Суадносна Зміцер яшчэ не зможа атрымаць перадачу, якую яму мы збіралі разам з бацькам, — піша Насенка. — За месяц да вызвалення сістэмныя курвы спрабуюць максімальна ціснуць на вязня ў межах "дазволенага", пакуль ёсць магчымасць".

Зміцер Паліенка — сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 года ў Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска адменена адтэрміноўка выканання пакарання, і актывіст быў накіраваны ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Праваабаронцамі Зміцер Паліенка прызнаны палітвязнем.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: