Змітра Паліенку вызвалілі ад хатняй «хіміі»

У дачыненні да актывіста прымянілі амністыю.
Пра гэта Зміцер Паліенка паведаміў у сваім фэйсбуку.

«14,5 месяцаў мне заставалася. Толькі што (гадзіну назад) патэлефанаваў інспектар, заўтра станаўлюся на ўлік як раней судзімы і здымаюся з абмежавання, — распавёў «Новаму Часу» актывіст. — Павінны былі ўжыць амністыю яшчэ 3 месяцы таму. Але я пераехаў, і таму толькі цяпер даслалі з Мінска дакументы». 

У кастрычніку 2019 года Мінскі гарадскі суд прызнаў Змітра Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве. і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў хатняй «хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову) з падпіскай аб нявыездзе і прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Адзін год Змітру «скінулі» па амністыі. Адбываць пакаранне ён пачаў з красавіка.

Першапачаткова Паліенку абвінавачвалі па чатырох крымінальных артыкулах: арт. 341 КК (нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку), арт. 369 (абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку). У выніку Паліенку судзілі толькі па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства).

14 лютага 2020 года Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд Мінскага гарадскога суда і пакінуў рашэнне папярэдняй інстанцыі ў сіле.

Зміцер Паліенка мусіў стаць на ўлік у РУУС і штотыдзень хадзіць туды адзначацца. У РУУСе Змітра неаднаразова затрымлівалі, пасля чаго складалі адміністрацыйныя пратаколы нібыта за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах, а таксама за парушэнне ўмоваў хатняй «хіміі», ды адпраўлялі адбываць арышт у ізалятар.

Апошні раз Змітра Паліенку затрымлівалі і судзілі 16 верасня.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: