Змітру Паліенку прысудзілі 5 сутак адміністрацыйнага арышту і... прывезлі дамоў (дапоўнена)

Адбываць пакаранне актывіст будзе ў ізалятары часовага ўтрымання ў Бабруйску.


Фота Насты Паліенка

Фота Насты Паліенка

Сёння, 17 верасня, суддзя Глускага суда Галаўнёва асудзіла актывіста анархісцкага руху Змітра Паліенку на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта размешчаны ў інтэрнэце ролік з заклікам выйсці на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Суд над Паліенкам ішоў два дні. Яго затрымалі ўчора, 16 верасня, у Глускім раёне, куды яны з жонкай пераехалі жыць. Учора суддзя пастанавіла накіраваць справу на дапрацоўку, паколькі немагчыма было даказаць, што актывіст размясціў ролік.

Сам Паліенка сцвярджаў, што размясціў ролік у закрытай суполцы ў фэйсбуку, у якую няма доступу. Але, паводле абвінавачвання, гэтае відэа было размешчанае ў тэлеграме.

Як распавяла "Новаму Часу" жонка Змітра Наста Паліенка, сёння падчас пасяджэння сведкі, якімі традыцыйна выступалі міліцыянты, блыталіся ў паказаннях. Напрыклад, замест месенджара Telegram, дзе, паводле абвінавачвання, размясціў ролік Паліенка, называлі Instagram. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, па словах Насты Паліенка, перапісвалі 4 разы.

Зрэшты, зазначае Насты, ніхто асабліва не хаваў, што глуская міліцыя і суд не былі зацікаўленыя ў тым, каб асудзіць Змітра, бо ўказанні аб гэтым нібыта паступалі ад ГУБАЗіКа. Таксама суразмоўца адзначае, што адносіны глускіх міліцыянтаў да яе мужа было вельмі карэктнае. Змітру Паліенку пасля суда дазволілі паабедаць у сталовай і купіць усё неабходнае, каб узяць з сабой у месца адбывання пакарання.

Адбываць арышт Зміцер Паліенка будзе ў ІЧУ ў Бабруйску, паколькі ў Глуску няма прызначаных для гэтага ўстаноў.


Дапоўнена: Змітра Паліенку не этапавалі ў Бабруйск, а прывезлі па месцы пражывання ў Глускім раёне, паколькі ў актывіста была тэмпература 37. Яму ўручылі позву на панядзелак.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: