«Значыць, будзем па розныя бакі барыкад» — афіцэра звольнілі, бо не з тым сябраваў

«Адна справа, калі ты бачыш на нейкія відэа, другая — калі перад табой сіні родны чалавек, стогне, не можа падняцца і кажа, што ён яшчэ лёгка аддзелаўся. У мяне былі слёзы на вачах, што не хапіла мужнасці выйсці абараніць яго. Сорамна было сесці побач з ім, бо я нашу форму, а ён пацярпеў ад людзей у форме», — перадае расповед звольненага афіцэра аддзела ідэалагічнай работы Яўгена Траяна «Наша Ніва».


Яўген Траян — старшы лейтэнант памежных войскаў, старшы афіцэр аддзела ідэалагічнай работы вучэбнага цэнтра інстытута памежнай службы ў Смаргоні. Восемь з паловай год ён аддаў службе (з улікам вучобы), перад тым як яго звольнілі за «невыкананне ўмоваў кантракта», па факце — за пазіцыю,

«Мне мая работа да жніўня прыносіла задавальненне, я ведаў што я дапамагаю людзям, быў такім вайсковым івэнт-менеджарам: з аднаго боку адказваў за прапаганду, ідэалогію, інфармаванне людзей пра службу, краіну і тое, што ад іх патрабуецца, з іншага арганізоўваў святы, культурныя мерапрыемствы, сплавы. Хіба што перад выбарамі адмовіўся расказваць пра Бабарыку і Ціханоўскага — гэта стаў рабіць мой начальнік», — кажа Яўген.

Як «надзейнага» яго ўзялі назіральнікам на выбары, дзе ён звярнуў увагу на завышэнні яўкі.

«Быў скандал, выклікалі майго начальніка, потым мне трэба было тэрмінова з'ездзіць у Мінск, я вяртаюся — на маім назіральніцкім месцы ўжо сядзіць мясцовы дэпутат. Пры гэтым, на рабоце вырашылі, што я ездзіў кансультавацца з апазіцыяй ці яшчэ некім», — кажа Яўген.

А вось гісторыя наступных падзей і выніковага звальнення:

«Мая сяброўка — Вольга Будай, адна з актыўных жыхарак Смаргоні. Мне пачало казаць начальства, што я, маўляў, не з тымі сябрую, трэба неяк спыняць камунікацыю, але сяброў не выбіраюць. Дзе работа, а дзе сяброўства?

 

 Чаплялі мяне за лайкі пад допісамі «Радыё Свабода», чыталі мае перапіскі «УКантакце» і Instagram прынамсі.

Але пасля жніўня служыць мне ўжо стала некамфортна. У ходзе гэтых падзей пацярпелі многія сваякі маіх салдат, бацькі.

Напрыклад, на вядомым фота, дзе на газоне ляжыць чалавек, а над ім з выцягнутымі рукамі спецназавец, дык чалавек на зямлі — дзядзька нашага салдата. Ён наўпрост спытаў у мяне — а што я пра гэта думаю? А што мне сказаць апроч таго, што так быць не павінна, што гэта незаконна, што гэта бязмежжа? Людзі не могуць абараніць свае правы законнымі шляхамі, а на іх кідаюць войскі.

Пра такі мой адказ, адказ ідэолага, стала вядома кіраўніцтву.

Але і мае ўласныя сваякі пацярпелі. Мой стрыечны брат быў на Акрэсціна чатыры дні.

Адна справа, калі ты бачыш на нейкія відэа, другая — калі перад табой сіні родны чалавек, стогне, не можа падняцца і кажа, што ён яшчэ лёгка аддзелаўся. У мяне былі слёзы на вачах, што не хапіла мужнасці выйсці абараніць яго.

Сорамна было сесці побач з ім, бо я нашу форму, а ён пацярпеў ад людзей у форме.

Мяне пачалі дзёргаць да начальства. Начальнік мой сказаў: «У мяне двое дзяцей, яны вучацца на платным, не звальняй мяне, калі ласка».

Вядома, з сябрамі я працягваў кантактаваць, на недзяржаўныя медыі як быў падпісаны, так і працягваў быць падпісаны.

І з часам, калі ўсё пачало супакойвацца, пачаліся рэпрэсіі. Не толькі ў дачыненні да мяне аднаго, але і да іншых супрацоўнікаў.

Я адчуваў, што ідзе да майго звальнення: пачалі абвяшчаць спагнанні. За ўсю службу ніводнага не было, толькі заахвочванні, а тут пачалося.

І вось 6 студзеня выклікалі ў Мінск, была жорсткая размова ў інстытуце, маўляў, Траяна будзем звальняць, што б ні рабіў, выдалі папярэджанне аб няпоўнай службовай адпаведнасці.

 

 Ставілі такія задачы, якія я не мог выканаць, падрыхтаваць загад, які ніколі не рабіў… Набегла пяць спагнанняў — склікалі камісію на звальненне.

Падчас яе яшчэ дыялог такі быў: вось, прайшло ўжо некалькі месяцаў, ты па-ранейшаму лічыш, што было няправільна зроблена ў жніўні? Ды канечне я так лічу!

«Значыць, будзем па розныя бакі барыкад, я буду абараняць свой народ», — мне адказвае афіцэр адзін. Я ў шоку: а што гэта, у нас ужо два нейкія народы з'явілася? Нязгодная большасць — гэта не беларусы?

У выніку мяне звольнілі, налічаць, відаць, 39 тысяч штрафу за вучобу ў інстытуце, рахунак яшчэ не прыходзіў. Буду выплачваць, будзе цяжка, нават калі па тысячы ў месяц аддаваць — гэта тры гады.

Сыходзіў я са слязамі на вачах, нехта мяне падтрымліваў: і салдаты, і афіцэры. Мае назіранні — большасці абыякава, хто ва ўладзе, ёсць частка спачуваючых невялікая, і яшчэ меншая частка тых, хто гэта ўсё падтрымлівае.

Пра курсантаў нічога не магу сказаць. Яны жывуць у закрытым калектыве, мала што ведаюць. У той час як нехта з іх галасаваў за Ціханоўскую, іншыя ўдзельнічалі ў падзеях на вуліцах — адзін злавіў у твар цагліну і страціў зубы, гэта таксама няправільна, я лічу, я супраць любога гвалту».

 Наша Ніва, фота з сацыяльных сетак



 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: