Знайшлі крайняга? Чаму Міхаіл Мархель пакінуў пасаду галоўнага трэнера зборнай па футболе

Нядаўна мы іранізавалі з дзіўнай непасрэднасці футбольнага кіраўніцтва, якое віламі на вадзе намалявала стратэгію выхаду зборнай Беларусі на вядучыя пазіцыі ў Еўропе. Ужо тады было відавочна, што гэтыя стаханаўскія планы на пяцігодку ўшчэнт разаб’юцца аб бязлітасную рэчаіснасць.
Міхаіл Мархель: «страціў» каманду — страціў працу. Фота abff.by

Міхаіл Мархель: «страціў» каманду — страціў працу. Фота abff.by


Так, уласна, і адбылося, але ж такой імклівасці ніхто не чакаў. Атрымалася як у Ільфа і Пятрова. «Панікоўскага б’юць!» — «Як, ужо? Нешта вельмі хутка…»

Сыход «аднадумцаў»

Не паспеў высахнуць атрамант на той самай рэвалюцыйнай канцэпцыі, а нацыянальная зборная ўжо спляжылася так, што зарагатала ўся футбольная Еўропа.

Нашы гаротныя хлопцы, акрыленыя амбіцыйнымі задачамі, паехалі ў госці да бельгійцаў. Ды адгрэблі ад першага нумара сусветнага рэйтынгу такога выспятку, ад якога вушы гараць дагэтуль. Параза 0:8 — з такім буйным лікам зборная Беларусі не прайгравала ніколі. Нават у тыя часы, калі адэкватна ацэньвала свае сілы і не збіралася штурмаваць Эверэст.

Мы яшчэ абавязкова вернемся да гэтай гратэскнай гісторыі — разгорнута і падрабязна, у бліжэйшым спартыўным дадатку, які будзе на днях. А цяпер семафорым пра іншае. Па матывах аглушальнай канфузіі ў бельгійскім Лёвене сістэме рэзка спатрэбілася ахвярная галава. І гэтая галава знайшлася: пасаду галоўнага трэнера зборнай пакінуў Міхаіл Мархель.

Ці сам так вырашыў, ці на дзверы паказаў працадаўца — пытанне другаснае, але цікавае. Навіну пра адстаўку прэс-служба БФФ сфармулявала парытэтна: «Беларуская федэрацыя футбола і галоўны трэнер зборнай Беларусі прынялі ўзаемнае рашэнне аб скасаванні кантракта. Дзякуем Міхаілу Міхайлавічу за супрацоўніцтва і жадаем поспехаў у далейшай кар’еры». І як тут ні прыгадаць, што яшчэ некалькі тыдняў таму ў Доме футбола прынцыпова інакш ставіліся да прафесійных якасцей МММ, як скарочана прызвычаіліся называць трэнера журналісты? У клятай стратэгіі–2021/2028, якую нам наканавана яшчэ доўга ўзгадваць, яму з асістэнтамі дадзеная на дзіва пахвальная характарыстыка: «Сфарміраваны трэнерскі штаб як калектыў аднадумцаў і спецыялістаў высокай кваліфікацыі».

І ніхто на той момант не ведаў, што трэнераў у зборнай засталося на тры дні. Паводле закону жанру, разам з галоўным настаўнікам каманду ў хуткім часе мусяць пакінуць і яго памочнікі. То-бок паступова сыдзе ўвесь «калектыў аднадумцаў». Нягледзячы нават на тое, што па гарачых слядах, каб месца не пуставала, «выкананне абавязкаў» павесілі на Георгія Кандрацьева — да нядаўніх часоў правую руку галоўнага трэнера.

МММ не вінаваты

У гэтым месцы, канешне, патрэбна неяк падсумаваць час Міхаіла Мархеля на чале галоўнай каманды краіны  —гэтыя амаль два гады, цягам якіх беларуская зборная не дасягнула аніякіх вяршынь, а збольшага слізгацела юзам пад адхон. Напэўна, вас гэта здзівіць, але зусім не хочацца практыкавацца ў кіслотнай рыторыцы і кідаць у спіну звольненаму брыдкія словы. Нібыта той піяніст, ён трэніраваў гэтак, як умее. Як умее — выбудоўваў сваю творчую лінію, падбіраў гульцоў, імкнуўся амаладзіць склад. Пры гэтым заўсёды паводзіў сябе як ветлівы, інтэлігентны і выхаваны чалавек. Таксама аргумент у памяркоўнай Беларусі, бо некаторыя папярэднікі Мархеля, якія праваліліся ў падобнай манеры, паспявалі пры сыходзе яшчэ і пасварыцца з журналістамі ды заўзятарамі, навешаць цэтлікаў на футбалістаў.

Не Мархель вінаваты, што зборная Беларусі на 30-м годзе існавання мае такі занядбаны выгляд. Не ён ставіў гэтым хлопцам удары і тэхніку, не ён зруйнаваў дзіцяча-юнацкі футбол, не ён падсадзіў футбол дарослы на іголку бюджэтнага фінансавання, выбіўшы з падмурка вялікую сілу матывацыі. Гэтую капліцу развалілі да яго — цягам доўгіх гадоў, калі беларускі футбол дэградаваў ва ўнісон з беларускай эканомікай ды іншымі галінамі нашай сацыяльна арыентаванай гаспадаркі.

Вінаваты Мархель хіба што ў тым, што прыняў гэты чэлендж і ўвогуле пагадзіўся ўзысці на галгофу. Не маючы на тое ні дастатковага досведу, ні аўтарытэту, банальна не саспеўшы для працы на такой вышыні. Так у выніку каманду і «страціў», бо гэта толькі юрыдычна МММ звольнілі ў панядзелак. Фактычна, масты былі спаленыя раней, і спаліў іх — выпадкова ці не — паўабаронца Іван Маеўскі. Гулец расійскага «Ротара», каментуючы паразу ад бельгійцаў, слоў не падбіраў. Атрымаўся важкі камень у агарод галоўнага трэнера: «0:8? Гэта рэальныя суадносіны сіл на дадзены момант. Наш узровень і вынік адсутнасці плана на гульню. Напэўна, усё ж такі план трэба мець, калі гуляеш з такімі камандамі. А не проста выходзіць на поле. І ўсё».

Калі не ён, то хто?

Так, Міхаілу Мархелю не варта было ўпрагацца ў гэты воз, але ж надта прасілі. І гэта яшчэ адзін штрых, які выдатна характарызуе наш шматпакутны футбол. Гэта ж трэба: не стаяць у гаманлівай чарзе трэнеры, каб спакусіцца працай з нацыянальнай зборнай Беларусі. Мякка кажучы, не імкнуцца да гэтай працы. Прыкладна па той жа логіцы, па якой не рвуцца па-сапраўднаму дбайныя гаспадарнікі ўзначаліць безнадзейны калгас у якой-небудзь вёсцы Хацапетаўка. Гэта амаль як у школе, памятаеце? «Да дошкі пойдзе…» — і замест лесу рук толькі ўвагнутыя ў плечы галовы. Толькі каб не я.

Тады, у чэрвені 2019-га, Мархеля прызначылі менавіта таму, што нікога больш казырнага на прыкмеце проста не было. І быць не магло. Бо што такое — цягнуць гэты хамут? Па-першае, табе абавязкова паставяць неадэкватна высокую спартыўную задачу, выканаць якую магчыма толькі з дапамогай чорнай магіі і іншых цудаў. Па-другое, заробак па футбольных мерках будзе невялікі — дзе-дзе, а ў футбольнай федэрацыі эканоміка заўсёды эканомная. Па-трэцяе, пасля прагназаванага правалу, не выцягнуўшы бегемота з балота, ты сыдзеш у беспрацоўе зняслаўлены. Канешне, не з воўчым білетам, аднак з невялікімі шанцамі на прыстойны працяг працоўнай біяграфіі.

Папярэднік Мархеля Ігар Крывушэнка пасля зборнай паўгода сядзеў без справы, пакуль вымушана не з’ехаў у Інданезію — каб трэніраваць хоць дзе. Георгій Кандрацьеў не мог уладкавацца чатырнаццаць месяцаў — і ў выніку прыняў прапанову сціплага «Мінска». Юрый Пунтус, Анатоль Байдачны — у многіх пасля няўдалага вопыту са зборнай здаралася творчае «пахмелле» з наступнай перазагрузкай кар’еры.

Міхаіла Мархеля яно таксама чакае. Калі БФФ не прапануе вярнуцца да звыклай працы з юнацкімі зборнымі, то 55-гадовы МММ рызыкуе надоўга захраснуць на трыбуне ў ролі гледача-спецыяліста. Гэта цана — і футбол яе возьме — за супрацу з камандай, якая ўсё бліжэй да таго, каб вываліцца з першай сотні сусветнага рэйтынгу.

Цяпер, вядома, інтрыгуе, хто наступны пагодзіцца заняць расстрэльную пасаду на чале зборнай Беларусі. Кандрацьева футбольнае грамадства справядліва бачыць часовай фігурай. Больш-менш упэўнена інсайдары называюць прозвішча Вадзіма Скрыпчанкі, і на сёння гэта, бадай, адзіны яўны кандыдат. Але ці адважыцца 45-гадовы спецыяліст на такую няўдзячную місію? Яшчэ ў снежні чыноўнікі федэрацыі прамацвалі яго на гэтую тэму — тады Вадзім Віктаравіч ветліва адмовіўся.

Зрэшты, пажывём — пабачым. Зборная яшчэ вельмі няхутка — ажно толькі ў верасні — адновіць удзел у адборачным турніры. А тым часам у парадак дня вярнуўся чэмпіянат краіны.

Прагнозы збываюцца

Тры туры згуляныя ў вышэйшай лізе, і аглядальнікам-прагназістам ужо можна паглядваць у люстэрка з гонарам. Бо сюжэт у першынстве развіваецца цалкам так, як і прадказвалі. На тройку лідараў грамадская думка яшчэ да старту намінавала «Шахцёр», БАТЭ і мінскае «Дынама». Неяк так яно і атрымліваецца, хіба што брэсцкія «дынамаўцы» нечакана ўзляцелі ўвысь. Ну, балюча будзе падаць, бо няма ў заходняй каманды аб’ектыўных чыннікаў, каб на доўгай дыстанцыі пастаянна дамінаваць у турніры. Тая ж перамога ў Гродне была здабытая ледзь-ледзь — у наступны раз так можа ўжо не пашанцаваць.

Зрэшты, давялося папакутаваць і БАТЭ, які дагэтуль прывыкае да новага галоўнага трэнера Віталя Жукоўскага. 3:2 на сваім полі ў гульні з навічком лігі «Гомелем» — гэта яўна звышнармаваныя выдаткі нервовай энергіі. Іншая справа — «Шахцёр», які бульдозерам прайшоўся па «Іслачы». Дзякуючы гэтай чарговай перамозе салігорцы аднаасобна ўзначальваюць табліцу і, мяркуючы па ўсім, з’яўляюцца галоўнымі прэтэндэнтамі на залатыя медалі.

Ну, а першымі кандыдатамі на вылет застаюцца «Спутнік» і «Смаргонь». Такі варыянт на пачатку сезона таксама катэгарычна прагназаваўся — і ўсё збываецца. Хаця вось «Смаргоні» пашчасціла набраць першае ачко, то хай пацешыцца. Такіх радасцей у яе ў гэтым годзе будзе няшмат.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: