Знак: «Маша вярнула іх у прававое поле, і цяпер трэба будзе абгрунтоўваць затрыманне»

Юрыст штаба Бабарыкі, сябра прэзідыўма Каардынацыйнай рады Максім Знак патлумачыў, чаму Марыя Калеснікава выйшла з сітуацыі з затрыманнем і спробай дэпартацыі пераможцай.
(Публікуецца ў перакладзе на беларускую мову)

Я шчаслівы, што Ваня і Антон, мяркуючы па ўсім, у бяспецы. Для мяне гэта — галоўнае. Гэта значна лепш, чым знікненне і невядомасць. Дзякуй Богу, што не толькі ДПК Беларусі пацвердзіў "убыццё" , але і Украіна пацвердзіла прыбыццё. Я не веру ні на секунду ў праўдзівасць агучаных афіцыйных версій. Я чакаю, калі вернецца сувязь, і яны самі ўсё раскажуць.

Я шчаслівы, што Маша перайграла ўсе хітрыя планы і выйшла пераможцам з гэтай сітуацыі. Я не ведаю, што адбылося — але я ахвотна веру, што яна разарвала пашпарт або выскачыла з машыны... У любым выпадку ў іх не атрымалася. Цяпер яны кажуць, што Маша затрыманая — ОК, значыць адказнасць за яе нясе наша дзяржава. А з затрыманнем цяпер разбярэмся.

Я чытаю і перачытваю версію ўлады, і не магу паверыць, што ўсё настолькі цяп-ляп.

Давайце паспрабуем ненадоўга забыцца пра тое, што Марыя атрымлівала пагрозы і "папярэджанні" пачынаючы з траўня, і ніколі не разглядала варыянт выезду, больш за тое — пазаўчора прама казала, што нават у выпадку ціску застанецца ў краіне. Тым больш наўрад ці яна б раптам "знікла" не сказаўшы пра свае планы нікому, так што Іван і Антон паднялі буру, паставілі на ногі адвакатаў, самі адправіліся яе шукаць, і таксама зніклі. Так сабе канспірацыя — бегчы з краіны, папярэдне падаўшы заявы аб знікненні чалавека (сваякі Марыі і Івана такія заявы падалі). Але добра, давайце аб усім гэтым забудзем. Возьмем толькі гісторыю "прарыву" мяжы.

Уявіце, тры чалавекі ў БМВ-адзінцы праходзяць пашпартны і мытны кантроль — ура, Свабода. Потым яны едуць і іх хочуць спыніць, але яны зрываюцца з месца, выкідваюць Машу з машыны, потым дзесьці кідаюць машыну разам з запісаным на тэлефон зваротам, і ўцякаюць у перадсвітальную цемру. Усё выглядае цалкам праўдападобна?

Давайце па парадку. У БМВ-адзінку трэба размясціць тры чалавекі. Якая верагоднасць таго, што на заднім сядзенні апынуцца двое?

Ок, дапусцім селі ўдваіх, так зручней. І вось ззаду сядзіць Марыя Калеснікава (на фота) і Антон Раднянкоў на фота справа. Два пытанні: навошта ён будзе выштурхоўваць Машу з машыны (бо БМВ гэта не паветраны шар, і наўрад ці трэба пазбаўляцца ад лішняга грузу) і як ён зможа гэта зрабіць?

Далей пытанні толькі памнажаюцца. Чаму кінулі машыну, калі аб'ехалі патруль? Якім чынам пакінулі тэрыторыю? Чаму іх не дагнаў памежны патруль? Чаму пакінулі ў машыне тэлефон з папярэдне запісаным прызнаннем? Нарэшце чаму геалакацыя гэтага тэлефона (роўна як машына) у мяне на тэлефоне па ранейшаму паказвае Мінск?

Ды якая розніца, як адкажуць на гэтыя пытанні. Усім усё зразумела. А мне цікава, што Маша вярнула іх у прававое поле, і цяпер трэба будзе абгрунтоўваць затрыманне. Скажыце, якое злачынства ці хаця б правапарушэнне здзяйсняе грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які прайшоў мытны і пашпартны кантроль, і якога "выкідаюць" з машыны, калі кіроўца не падпарадкоўваецца патрабаванням патруля? Наогул што парушае гэты чалавек? Мяркуючы па ўсім, Машу павінны выпусціць у бліжэйшы час — бо ўчора яе атрымліваецца не затрымлівалі, а цяпер падстаў для затрымання няма. Брава, Маша, гэта лепшы перформанс і проста геніяльнае вяртанне ў юрыдычную плоскасць".


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: