Знік Пётр Маркелаў. Магчыма, яго затрымалі

Актывіст кампаніі "Дзея" Пётр Маркелаў апошні раз быў на сувязі, знаходзячыся ў Маскоўскім РУУС Мінска, паведамляе Дзея. Цяперашняе яго месцазнаходжанне невядома, на тэлефонныя званкі ён не адказвае. 

Учора, 31 траўня, Пётр Маркелаў правёў адзіночны пікет каля будынка МУС, у яго руках быў плакат з надпісам «Заблакуйце 86.57.250.202». Гэтыя лічбы абазначаюць ip-адрас сайта Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Рашэннем Мінінфарма быў заблакаваны сайт кампаніі  Legalize Belarus — legalize.by праз нібыта «прапаганду спажывання марыхуаны». На сайце актывісты змяшчалі інфармацыю пра кампанію на ангельскай мове. Каб абысці блакаванне, быў створаны новы сайт з тым жа зместам, legalizebelarus.org, які на дадзены момант застаецца недасяжным для часткі карыстальнікаў. Таксама недасяжныя сайты, якія размяшчаліся на тым жа серверы: nabyvaj.by (сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку) і dziejaby.org (сайт Грамадскага руху «Дзея», у стане распрацоўкі). Уласнік даменаў Пётр Маркелаў не атрымоўваў афіцыйных дакументаў пра блакаванне гэтых трох вэбсайтаў.

Сябры Пятра Маркелава не выключаюць, што яго затрымалі і будуць судзіць за гэты пікет.  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!