Зніклая памочніца Леаніда Судаленкі знайшлася ў гомельскім ІЧУ

Таццяна Ласіца — зніклая ўчора памочніца Леаніда Судаленкі —  знайшлася сёння ў гомельскім ІЧУ, паведамляе «Еўрарадыё».
Таццяна Ласіца / gomel.today​

Таццяна Ласіца / gomel.today​


Сувязь з памочніцай Леаніда Судаленкі Таццянай Ласіцай знікла напярэдадні днём. У чацвер, 21 студзеня, яна мусіла вылецець у Вільню, але на борт так і не села. У пятніцу яна знайшлася ў гомельскім ІЧУ, паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на праваабаронцу Васіля Палякова.

Абставіны і прычыны яе затрымання Палякову невядомыя. Між тым гомельская "Вясна" паведамляе, што Ласіцу затрымалі ў мінскім аэрапорце перад пасадкай на рэйс.

У пачатку студзеня дома ў Таццяны Ласіцы прайшоў ператрус. Міліцыя канфіскавала ў яе камп'ютары і тэлефоны. У той жа дзень міліцыя прыйшла з ператрусамі ў офіс праваабаронцаў у Гомелі, а таксама дадому да Леаніда Судаленкі, Васіля Палякова і Мікалая Новікава.

18 студзеня, праз амаль два тыдні пасля допыту ў Следчым камітэце, Судаленку затрымалі. У гэты ж дзень была затрыманая і яшчэ адна памочніца праваабаронцы, Марыя Тарасенка. Праз тры дні праваабаронцу перавялі ў СІЗА, а Тарасенка адпусцілі.

Паводле дадзеных праваабаронцаў, Судаленку падазраюць у фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: