Зняць маску — разбурыць стэрэатыпы: беларусы ўпершыню далучацца да сусветнай акцыі «Запалі сінім»

Пазл, як і сіні колер, якім у гэты дзень падсвечваюцца славутасці і арт-аб’екты па ўсім свеце, з’яўляецца сімвалам аўтызму.

2 красавіка Беларусь далучыцца да акцыі «Light It Up Blue», якая традыцыйна праводзіцца ў Сусветны дзень інфармавання аб праблеме аўтызму.

Да свайго пяцігоддзя Сямейны інклюзіў-тэатр «і» пры падтрымцы кампаніі А1 стварыў для гэтага спецыяльную анлайн-платформу. Усе ахвотныя могуць зняць віртуальныя пазлы з тэатральнай маскі і разбурыць такім чынам стэрэатыпы пра аўтызм.

Пазл, як і сіні колер, якім у гэты дзень падсвечваюцца славутасці і арт-аб’екты па ўсім свеце, з’яўляецца сімвалам аўтызму — парушэння развіцця, якое ўплывае на камунікацыю і стасункі з іншымі людзьмі. Гэты вобраз звязаны з тым, што з-за сваёй унікальнасці і асаблівага ўспрымання рэчаў дзецям і дарослым з такім расстройствам складана знайсці сваё месца ў грамадстве — гэтак жа, як і асобным дэталям у мазаіцы.

Сёлета ўпершыню беларусы змогуць далучыцца да міжнароднай сацыяльнай акцыі ў анлайн-фармаце: зайсці на сайт worldautismday.by і націснуць на кнопку «Зняць пазл». Калі ўсе карыстальнікі разам разбяруць віртуальныя пазлы, маска стэрэатыпаў і непаразумення, з якімі сутыкаюцца людзі з аўтызмам, знікне — і замест яе з’явіцца сімвал Сямейнага інклюзіў-тэатра «i».

Акцыя прымеркавана да прэм’еры тэатра «Агонь і Лёд», якая таксама адбудзецца ў анлайн-фармаце 2 красавіка: а 19-й гадзіне ў эфіры відэасервісу VOKA пастаноўку змогуць бясплатна ўбачыць усе ахвотныя з любога пункта свету. На сайце worldautismday.by змешчаны эскіз адной з масак, якія мастачка Людміла Скітовіч зрабіла для дзяцей, занятых у спектаклі.

«Агонь і Лёд» — гэта першая ў Беларусі пастаноўка, створаная з дапамогай тэхналогіі «virtual production», калі рэальныя акцёры выступаюць у віртуальнай прасторы. У цэнтры сюжэта — гісторыя Майстра, яго Музы і іх дзяцей і вучняў, расказаная праз балет, пластыку, імправізацыю, жывую музыку і 3D-дэкарацыі.


Далучыцца да прагляду можна будзе на сайце voka.tv альбо ў мабільнай праграме VOKA пасля аўтарызацыі па нумары тэлефона. Першы афлайн-паказ спектакля адбудзецца 24 красавіка на сцэне Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: