Жодзіна. Назіральнік сумняецца ў правільнасці праверкі падпісных аркушаў

Назіральнік Аляксей Лапіцкі мае сумневы наконт сапраўднасці некаторых подпісаў на падпісных аркушах у Жодзіна.

Сябры камісіі Наталля Толмач і Тацяна Катуша падчас адбору аркушаў з подпісамі на праверку. Фота Аляксея Лапіцкага

Жодзінская гарадская выбарчая камісія 9 студзеня пачала праверку падпісных аркушаў прэтэндэнтаў на дэпутацтва, якія пададзеныя ад 24-х ініцыятыўных груп. На пасяджэнні камісіі было паведамлена, што на 38 выбарчых акруг на дадзеным этапе здалі дакументы на праверку 75 прэтэндэнтаў у кандыдаты. Сярод іх 24 — вылучаюцца зборам подпісаў, 48 — ад працоўных калектываў, 2 — ад палітычных партый. Яшчэ тры ініцыятыўныя групы подпісы не здавалі.

Падчас праверкі падпісных аркушаў назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лапіцкі зрабіў некалькі фотаздымкаў — і ў яго ўзніклі падазрэнні наконт сапраўднасці некаторых подпісаў на падпісных аркушах і прастаўлення даты адной рукой.

На фота можна заўважыць, як сябра выбарчай камісіі Тацяна Катуша, якая ўзяла правяраць подпісы, пададзеныя за вылучэнне ў кандыдаты галоўнага рэдактара “Жодзінскіх навінаў” Людмілы Курбанавай (балатуецца па Гагарынскай выбарчай акрузе №28) дзеліцца ашаламляльным відовішчам з Наталляй Толмач, якой дасталіся для праверкі подпісы іншага прэтэндэнта — Герыловіч. Сем подпісаў запар, якія заходзяцца на бачнай частцы падпіснога аркуша (гл. фота), верагодна, з’яўляюцца несапраўднымі.

Аляксей Лапіцкі ў той жа дзень падаў у камісію заяву з просьбай дапусціць яго да праверкі подпісаў пададзеных ініцыятыўнымі групамі. Калі назіральнік прыйшоў у Жодзінскую гарадскую камісію пасля 18-00 для падачы заявы, у памяшканні ён сустрэў супрацоўніц камісіі, працу якіх узначальвала сакратар камісіі Тацяна Краўцэвіч. На ўсіх сталах былі раскладзеныя дакументы для праверкі.

Тацяна Краўцэвіч патлумачыла: “Людзі адабралі падпісныя аркушы на праверку. Самі тут усё правяраюць. Наталля [Толмач. Рэд.] хадзіла ў разліковы цэнтр. Званілі, апытвалі Папругу, Сухавейка, Круглік”.

— Я сама званіла пенсіянерцы Малец, — сумленна скажу, — 31-га году нараджэння яна. У яе энцэфаліт нейкі, а там так “акуратненька было напісана”. Я ездзіла да яе, і яна напісала, што паралізаваная на правы бок, і што яна не падпісвала”. [Размова ішла пра праверку подпісаў, якімі займаецца сябра камісіі Наталля Толмач. Рэд. ].

А сябра камісіі Тацяна Катуша, якая правярала подпісы Людмілы Курбанавай, паведаміла, што патэлефанавала толькі аднаму чалавеку. І там усё ў норме.

Назіральнік сумняваецца наконт адсутнасці праблем у падпісных аркушах, якія правярае Т. Катуша. У падмацаванне свайго меркавання ён перадаў для публікацыі вышэйзгаданыя фотаздымкі.

Назіральнік звярнуў увагу на яшчэ адну акалічнасць: аркуш з верагодна несапраўднымі подпісамі мае нумар №7. А камісіяй для першай праверкі адбіраліся толькі цотныя аркушы. Так, у Т.Катушы аказаліся аркушы №2 і №6, у іншых №2 і №4.

І гэта ў той час, калі старшыня камісіі Сяргей Афанасенкаў спецыяльна засяродзіў увагу сябраў камісіі на паседжанні 9 студзеня пра тое, што цотныя аркушы і подпісы ў іх павінны адбірацца менавіта па парадку, а не выбарачна. І калі, напрыклад, у сітуацыі, калі бярэцца наступны аркуш, а засталося дабраць на праверку 3 подпісы, то гэтыя подпісы таксама бяруцца ад самага пачатку па чарзе, а не выбарачна.

Назіральнік Аляксей Лапіцкі таксама звяртае ўвагу на парушэнне п. 8 Метадычных рэкамендацый ЦВК для выбаркамаў.

Чаму не сама сябра камісіі Наталля Толмач, якая была вызначаная правяраць адабраныя ёй подпісы, а сакратар камісіі Тацяна Краўцэвіч тэлефанавала і хадзіла да “бабулькі Малец” для атрымання ад яе пісьмовага дакумента пра несапраўднасць ейнага подпісу? І хто мог назіраць за тым, што пры гэтым адбывалася?”

Праваабаронцы за свабодныя выбары” паводле licviny.info.



 

Каментаваць