Жонка Аляксандра Фядуты распавяла пра яго стан у СІЗА

На днях адвакатка бачылася з вядомым палітолагам і публіцыстам, якога абвінавачваюць у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і замаху на Аляксандра Лукашэнку. Ці прызнае ён сваю віну? Што кажа аб тым, што здарылася? Жонка Аляксандра Фядуты сёння не мае дакладных адказаў на гэтыя пытанні, але затое распавяла «Народнай Волі», што ведае пра стан і настрой мужа.
Марына Шыбко

Марына Шыбко

Адвакат, якога наняла жонка Фядуты, убачыла свайго падабароннага не адразу, а праз некалькі дзён пасля затрымання. Спачатку для Фядуты запрасілі дзяжурнага адваката. Інфармацыі ад яго таксама практычна ніякай не было.

Са слоў Марыны Шыбко, цяперашні адвакат звязаная жорсткай падпіскай аб невыдаванні і не паведамляе ніякіх падрабязнасцяў, звязаных з расследаваннем справы.

«Адвакат цяпер для таго, каб даведацца, якія шкарпэткі і трусы перадаць, — кажа Марына. — Жартую, вядома, але на самай справе падрабязнасцяў ніякіх не маю… Толькі бытавыя пытанні нейкія».

Дарэчы, прозвішча адваката Фядуты Марына не называе — кажа, яна ўсё роўна не будзе камунікаваць з журналістамі, бо звязана падпіскай. Вядома, што адвакат працуе ў юрыдычнай кансультацыі Цэнтральнага раёна Мінска.

Лісты да Аляксандра Фядуты пакуль не даходзяць. Але тэлеграму ад жонкі ён атрымаў.

«Ён сказаў, што напісаў ліст, але я яго не атрымлівала, — кажа Марына. — Ведаю, што яму многія пішуць, пытаюцца парады па літаратурных справах як у эксперта, але пакуль не чула, каб хтосьці ад яго атрымаў адказ, і не ў курсе, ці перадаюць яму наогул карэспандэнцыю».

У Аляксандра Фядуты праблемы са здароўем, ёсць хранічныя захворванні. Лекі, якія ён прымае пастаянна, Марына Шыбко перадала ў следчы ізалятар КДБ, іх прынялі.

«Цяпер ён праз адваката сказаў, што ціск скача, папрасіў, каб яму перадалі танометр, але я не ведаю, прымуць яго ці не, — кажа жонка Фядуты. — І яшчэ просіць, каб яму перадалі больш паперы — для лістоў і працы, ён сабраўся ў следчым ізалятары пісаць ледзь не чарговую дысертацыю, доктарскую ён абараніў у Польшчы. Ведаю, што яго наведваў лекар і яго выводзілі на прагулкі. Больш ніякай інфармацыі ў мяне, на жаль, няма».

nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: