Жонка арыштаванага блогера паказала малюнкі мужа з СІЗА

Жонка арыштаванага баранавіцкага блогера распавяла пра тое, што цяпер адбываецца з мужам, і паказала ягоныя малюнкі з СІЗА.

 

Дар'я Лосік са сваёй дачкой каля ўваходу ў кватэру, у якой 25 чэрвеня праводзіўся ператрус. Фота: Дыяна Касякіна

Ужо больш за месяц Ігар Лосік знаходзіцца ў СІЗА №1 у Мінску. Intex-press даведалася ў яго жонкі Дар'і, як Ігар сябе адчувае, пра што піша ў лістах, а таксама ці вядома што-небудзь пра яго вызваленне.

Ігар Лосік, адміністратар Telegram-канала "Беларусь галаўнога мозгу", быў затрыманы ў Баранавічах 25 чэрвеня, пасля ператрусу ў сваёй кватэры. Адразу пасля затрымання яго перавезлі ў Мінск.

Дар'я, жонка затрыманага Ігара Лосіка, распавяла 31 ліпеня Intex-press, што, паводле яе звестак, пакуль "ніякіх следчых дзеянняў з яе мужам не праводзілася".

Да якога дня ён будзе знаходзіцца ў СІЗА №1 у Мінску і што будзе далей з яго абвінавачваннем паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (рэдакцыя: Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) таксама невядома, — кажа дзяўчына. — Ігар стараецца трымацца, хоць гэта і вельмі складана. На здароўе ён не скардзіцца.

Па словах Дар'і, лісты ад Ігара прыходзяць па-рознаму: «то паўтары тыдні няма ні аднаго, то адразу тры, як было ўчора, 30 ліпеня».

 

Фота: instagram.com/finka1991

— Тэкст лістоў я публікаваць не хачу, гэта асабістае, а вось на яго малюнкі паглядзець можна, так ён спрабуе хоць чымсьці сябе заняць, пакуль знаходзіцца пад вартай, — кажа Дар'я. — Мае лісты яму даходзяць, але таксама доўга.

У сваіх малюнках Ігар Лосік паказвае помнікі архітэктуры Беларусі, сюжэт з фільма "Аліса ў краіне цудаў", дзікіх жывёл і прызнаецца ў каханні сваёй жонцы і паўтарагадовай дачцэ.

 

Малюнак Ігара Лосіка з СІЗА. Фота: асабісты архіў Дар'і Лосік

Дар'я не распавядае ў лістах пра падзеі, якія цяпер адбываюцца ў краіне, бо мяркуе, што «гэта не прапусціць цэнзура», але яна ўпэўненая, што «ён пра гэта ўсім ведае».

— Я вельмі сумую па ім, але буду трымацца да канца і ва ўсім яго падтрымліваць! — распавядае Дар'я. — Са свайго боку я буду працягваць рабіць для яго ўсё магчымае і немагчымае.

Дар'я папрасіла пісаць Ігару лісты, каб яму «было прыемна і не сумна», па адрасе:

СІЗА №1, вуліца Валадарскага 2, г. Мінск, 220030 на імя Лосік Ігар Аляксандравіч

 


 Паводле www.intex-press.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: