Жонка асуджанага за наркотыкі: Закіпае кроў ад несправядлівасці і абсурду

Сёння судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда пакінула без задавальнення апеляцыйную скаргу асуджанага па 4 частцы 328 артыкула Крымінальнага кодэкса на 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма Вадзіма Верташонка.
БелТА

БелТА

У склад судовай калегіі ўвайшлі старшыня Людміла Шапашнікава, а таксама суддзі Дзмітрый Цыкал і Таццяна Фалькоўская. Разгляд апеляцыйнай скаргі праходзіў без Вадзіма Верташонка, нягледзячы на яго хадайніцтва прысутнічаць падчас працэса ў зале суда. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Яго інтарэсы ў судзе прадстаўляў адвакат.

Чытайце таксама: «У дзеяннях быў самастойны». Асуджаны на 13 гадоў за наркотыкі спрабуе абскардзіць прысуд


Нагадаем, паводле прысуда суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 5 сакавіка 2019 года, 29-гадовы Вадзім Верташонак быў асуджаны за збыт наркатычных рэчываў у складзе арганізаванай злачыннай групы (АЗГ) і атрымаў 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма і 300 базавых велічынь штрафу. Вадзім Верташонак прызнаў віну часткова: ён зрабіў дзве закладкі, але сцвярджае, што дзейнічаў самастойна, а не ў складзе групы, таму прасіў Мінгарсуд перакваліфікаваць яго дзеянні з чацвёртай часткі артыкула 328 на трэцюю. У гэтым выпадку пакаранне за збыт наркотыкаў — ад 6 да 15 гадоў.

Адвакат Вадзіма Верташонка падкрэслівае, што рашэнне Цэнтральнага суда, фактычна, базуецца на яго супярэчлівай перапісцы з неўстаноўленымі асобамі, знойдзенай у тэлефоне асуджанага. Хаця яшчэ да затрымання і канфіскацыі тэлефона з Вадзімам 1,5 месяца сачылі следчыя органы. Аднак за гэты час пацвердзіліся толькі два факты закладак невялікай колькасці наркатычнага рэчыва, якія прызнаў сам Верташонак.

У апеляцыйнай скарзе ён патлумачыў, што са сродкаў масавай інфармацыі даведаўся аб магчымасці добра зарабіць, прадаючы наркотыкі. Паколькі матэрыяльнае становішча ў той час было дрэннае, вырашыў паспрабаваць. Знайшоў у інтэрнэце людзей, з якімі пачаў весці перапіску, дзе рабіў выгляд, нібыта займаецца збытам забароненых рэчываў. Але ў рэчаіснасці нічога такога не рабіў, а толькі хацеў «падманным шляхам з іх дапамогай завалодаць вялікай колькасцю наркотыкаў у іншых не вядомых яму асоб». Паміж зробленымі ім закладкамі і перапіскай няма ніякай сувязі. У скарзе Вадзім пастаянна падкрэслівае, што свае дзве закладкі зрабіў самастойна, без чыёйсьці дапамогі, і ў судзе не было даказана адваротнае.

Пацверджаннем таго, што маладым чалавекам ніхто не кіраваў, стала і адсутнасць у яго тэлефоне якіх-кольвечы фотаздымкаў і каардынатаў месцазнаходжання хованак. А малая колькасць гашыша ў зробленых закладках сведчыць пра тое, што рэчыва было прызнчанае для разовага збыту без далейшага падзелу на драбнейшыя дозы.

Вадзім размясціў гашыш у закладкі, але не прадаў яго. Гэта, на яго думку, дае падставы кваліфікаваць яго дзеянні як замах на злачынства, але не як здзейсненае злачынства, што мяняе ступень пакарання.

Таксама ў матэрыялах справы не пацвердзіліся функцыі, якія Вадзім Верташонак нібыта выконваў у складзе АЗГ. Дый пра саму групу ніякіх сведчанняў няма: ні асоб, якія ў яе ўваходзяць, ні іх колькасць, ролі, іерархія.

У лісце да жонкі напярэдадні да разгляду апеляцыйнай скаргі Вадзім пісаў:

«Ні аператыўнымі супрацоўнікамі, ні следчым і нават судом не былі прынятыя меры, каб аб'ектыўна разабрацца ў гэтай справе. Па справе я праходжу адзін, іншыя асобы, якія маюць дачыненне да здзейсненага мной злачынства, не ўстаноўлены. Судом прыводзяцца довады аб маёй вінаватасці, якія абвяргаюцца фактычнымі абставінамі справы, паказаннямі сведак. Суд бярэ ў аснову прысуда супярэчлівыя доказы, факты, якія не маюць доказнай базы. Паводле Пленума Вярхоўнага Суда, суд павінен браць у аснову прысуда толькі тыя абставіны, якія даказаныя і пацверджаныя. Суд бярэ ў аснову прысуда нелагічныя довады, паводле якіх я вяду перапіску з будучыні ў мінулае. Не, такімі здольнасцямі я не валодаю, а тлумачыцца ўсё гэта проста — за адсутнасцю доказаў суд проста вырывае з кантэксту тыя звесткі, якія яму патрэбныя. Аналагічная сітуацыя адбылася і з пратаколам судовага паседжання, у якім мае паказанні адлюстраваныя не цалкам і перакручаныя. Мне прыйшлося прыкласці нямала намаганняў, каб хаця б часткова ў яго ўнеслі змены, чаго я дамогся. Высновы суда аб маёй датычнасці да якіх-небудзь групаў будуюцца толькі на домыслах і здагадках. Мы памятаем словы прэзідэнта на адкрыцці Вярхоўнага Суда, у якіх ён казаў, што пастанова абвінаваўчага прысуда можа быць заснавана толькі на неабвержных доказах. Так напісана і ў Пленуме Вярхоўнага Суда, але калі ён звярнуў на гэта ўвагу, значыць з гэтым ёсць праблемы. Але мабыць судам прэзідэнт не ўказ, але толькі да таго часу, пакуль ён не даведаўся пра гэта. На дадзены момант мной напісана апеляцыйная скарга, я яе пісаў самастойна, бо ім абыякавы лёс чалавека, я з гэтым сутыкнуўся і мне ёсць што сказаць на іх рахунак, але пасыл дадзенага ліста іншы: я не спрабую выйсці сухім з вады, я прызнаю злачынства, якое здзейсніў, я прашу толькі справядлівага суда, суда па літары закона! Прашу пачуць мяне і даць гэтаму ацэнку».

Аднак — не пачулі. Падчас разгляду апеляцыйнай скаргі пракурор Кароль палічыў яе неабрунтаванай.

 Віна Верташонка ў незаконных з мэтай збыту набыцці, захаванні і перавозцы небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры, здзейсненых арганізаванай групай, цалкам даказаная паказаннямі сведак, пратаколамі дагляду месцаў здарэння, тэхнічных сродкаў сувязі, заключэннямі экспертаў, — мяркуе ён.

У выніку судовая калегія ўнесла толькі адно змяненне ў рашэнне Цэнтральнага суда адносна Вадзіма Верташонка: выключыла з яго выпадковае прозвішча чалавека, які не мае дачынення да гэтай справы.  

Прысуд у 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму застаўся ў сіле. Таксама калегія не палічыла патрэбным зняць арышт з маёмасці — мабільных тэлефонаў, ноўтбука, электронных кніг і інш., якія належаць не Верташонку, а іншым асобам.

Безумоўна, мы разлічвалі на іншае рашэнне. Вельмі многія супярэчнасці ў прысудзе засталіся без адказу. Праз пяць дзён будзе падрыхтавана апеляцыйнае азначэнне суда, і сыходзячы з яго можна будзе зразумець, чаму суд прыйшоў да такога рашэння. Пакуль яго пракаментаваць немагчыма, як і пагадзіцца з ім, — сказаў адвакат Вадзіма Верташонка.

Жонка асуджанага, Любоў, кажа, што яна і яе муж маюць намер ісці да канца і збіраюцца абскарджваць прысуд далей.

Не скажу што чакалі іншага выніку (у сувязі са статыстыкай перакваліфікацыі гарадскога суда), але і прыняць гэта складана. Нягледзячы на ўсё гэта, мы не здаемся і ідзем далей. Наперадзе — велізарная барацьба, з якой мы выйдзем пераможцамі (шчыра ў гэта верым). Незразумела, чаму не задаволенае хадайніцтва Вадзіма аб выкліку ў суд, дзіўна, з майго пункту гледжання, разглядаць справу без абвінавачанага. Яму было і ёсць што сказаць. Будзем чакаць матывіровачную частку апеляцыйнага азначэння. Чаму яны падтрымалі рашэнне суда першай інстанцыі і адфутболілі довады Вадзіма? Там (у рашэнні суда. — НЧ.) маса супярэчнасцяў, ён усё гэта паказваў у сваёй скарзе. Улічваючы змякчэнне санкцый па дадзеным артыкуле, павінны даць паслабленне ў тэрмінах. Мой муж спатыкнуўся, але не на 13 гадоў! Мы не просім ласкі, мы просім справядлівага суда! Абвінавачванне пабудавана на домыслах, якія па заканадаўстве тлумачацца на карысць абвінавачанага. За ім сачылі паўтара месяца, за гэты час зроблена дзве закладкі з нязначным аб'ёмам, па якія ніхто не прыйшоў, аператыўныя супрацоўнікі іх канфіскавалі пазней. Сведка ў судзе тлумачыў, што аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы вяліся для таго, каб выйсці на іншых удзельнікаў, сачылі таксама ў сеціве, але нікога не знайшлі. Калі б была АЗГ, як сцвярджае суд, дык няўжо за такі прамежак часу не змаглі б знайсці іншых удзельнікаў, з цяперашнімі тэхналогіямі? Закіпае кроў ад гэтай несправядлівасці і абсурду.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: