Жонка Статкевіча заклікае не толькі дасылаць лісты палітвязням, але і рабіць ім грашовыя пераводы

Можна таксама высылаць пасылкі, а вось колькасць перадач абмежаваная, таму пакіньце гэтую магчымасць сям'і, піша Марына Адамовіч.


«Калі Вы вельмі хочаце зрабіць перадачу, абавязкова (!) звяжыцеся са сваякамі і ўзгадніце магчымасць і неабходнасць гэтага. Таму што колькасць і вага перадач абмежаваныя. А бандэролі і пасылкі дасылайце смела (Але гэта тычыцца падследных і тых, у каго прысуд не ўступіў у сілу. І ўлічыце, што кнігі не прапусцяць)», — перадае словы Адамовіч «Наша Ніва».

«Пасылкі не ўваходзяць у вагу перадач, і Вы не пазбавіце зняволенага таго, што яму востра неабходна, але сваякі не здолеюць перадаць, бо, прыцягнуўшы сваю перадачку, высветляць, што вага ўжо выбраная, і перадача немагчымая (і ніякай пасылкай ты не дашлеш свежую зеляніну або гародніну, напрыклад)», — піша жонка Статкевіча.

Што да пераводаў, то іх і асуджаныя могуць атрымліваць без абмежаванняў. «Рабіце грашовыя пераводы ў СІЗА. Іх можа быць колькі хочаце, хоць 100 на месяц», — заклікае Марына Адамовіч. Пытанне толькі ў тым, колькі яны могуць скарыстаць. Там ёсць нормы: ад 10 базавых велічыняў на месяц да адной. Але ўсё застанецца на рахунку.

«Дзякуй! Вясна прыйдзе!» — дадае Марына Адамовіч.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: