Жонка журналіста Анджэя Пачобута: «Яму неадкладна патрэбная шпіталізацыя»

Аксана Пачобут, жонка зняволенага журналіста Анджэя Пачобута, які праходзіць па «польскай справе», перакананая, што мужу неадкладна патрэбна легчы ў шпіталь.


Пачобут у жодзінскім СІЗА захварэў на каронавірус. Некалькі дзён таму ён здолеў перадаць гэтую навіну праз іншых арыштантаў, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на партал Kresy24.pl.

Паводле слоў жонкі, Анджэй адчувае сябе слаба, кашляе, губляе сілы, але не можа разлічваць на медыцынскую дапамогу, бо ў СІЗА няма амбулаторыі або бальнічнай палаты. Блізкія непакояцца пра стан здароўя палітвязня, бо ў яго хворае сэрца, збіваецца рытм. Раней ён часта губляў прытомнасць.

Жонка ведае, што Пачобут цяпер знаходзіцца ў перапоўненай камеры, дзе сядзяць 13 чалавек. Там душна, не хапае паветра, ёсць вошы. Аксана мяркуе, што стан Анджэя можа пагоршыцца ад спёкі, якая кепска ўплывае на людзей з захворваннямі сэрца.

Адміністрацыя СІЗА ў якасці выключэння дазволіла Пачобуту ляжаць на нарах 2 гадзіны ў дзень. Увесь астатні час удзень ён мусіць або стаяць, або хадзіць. Неаднаразова вязні паведамлялі, што для «палітычных» стварылі асаблівыя ўмовы зняволення: ім нельга сядзець або ляжаць з 6:00 да 22:00.

Анджэю Пачобуту 48 гадоў. Жыве ў Гародні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Гродне ў медыцынскім універсітэце, малодшы сын ходзіць у школу. Вядомы журналіст і грамадскі дзеяч, адзін з кіраўнікоў незарэгістраванага "Саюза палякаў Беларусі". У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі з ператрусам і затрымалі. Ён праходзіць па «польскай справе», якую Генеральная пракуратура завяла «за распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асоб. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.

Чальцоў незарэгістраванага СПБ Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву, якія праходзяць па гэтай жа справе, у траўні вызвалілі з СІЗА ўзамен на выезд з краіны. Яны застаюцца абвінавачанымі, цяпер жывуць у Польшчы. У няволі па гэтай справе застаюцца Пачобут, Борыс і, імаверна, мастак Алесь Пушкін.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: