Жорсткае абыходжанне са шматдзетнымі — не выпадковасць. Навошта ўлады тэрарызуюць шматдзетных маці?

«Улады ў Беларусі заўжды казалі пра святасць мацярынства. Тое, што цяпер з гэтых жанчын здзекуюцца, — гэта прадуманая акцыя запалохвання ўсіх астатніх», — піша з сваім блогу на «Свабодзе» Наста Захарэвіч. 
Зняволеная Вольга Залатар, архіўнае фота

Зняволеная Вольга Залатар, архіўнае фота

У мірным жыцці, калі чалавек кажа, што хоча зрабіць самагубства, яго ці яе накіроўваюць да псіхіятра і, часам, у псіхіятрычны стацыянар. Задача навакольных у такой сітуацыі — дапамагчы захаваць жыццё. Але гэта ў мірны час, калі жыццё чалавека амаль безагаворачна лічыцца найвышэйшай каштоўнасцю; а ў Беларусі цяпер сітуацыя хутчэй нагадвае вайну, дык і рэакцыі адпаведныя.

Палітзняволеная Алена Маўшук, пачуўшы, колькі пракурор просіць для яе і яе мужа, напісала ў сшытку: «Я павешуся». І я дужа сумняваюся, што з ёй пасля гэтага будзе працаваць псіхіятр ці хоць бы крызісны псіхолаг. Затое цалкам верагодна, што яе накіруюць у карцар. У дзяржавы няма задачы захаваць жанчыне жыццё — і замест гэтага яна імкнецца літаральна дабіць саму Алену і запалохаць усіх астатніх.

Падобна, гэта новы трэнд у працы рэпрэсіўнай машыны — як можна больш цынічна і па-садысцку ціснуць на шматдзетных маці. У Алены Маўшук пяцёра дзяцей, у Таццяны Гацура-Яворскай — чацвёра, у Вольгі Залатар — таксама пяцёра. Іх гісторыі — гэта квінтэсенцыя дзяржаўнага садызму і вельмі выразнае паведамленне для іншых: «Бойцеся! Для нас няма нічога святога, і мы ні перад чым не спынімся».

Трое з пяці дзяцей у сям’і Маўшук ужо паўналетнія, і таму пасля затрымання бацькоў яны былі ў адноснай бяспецы. Адна з непаўналетніх дачок аказалася ў прытулку вельмі хутка, хоць Сяргея Маўшука, мужа Алены, і перавялі пад хатні арышт. Рэч у тым, што для старэйшай дзяўчынкі ён быў айчымам. Але цяпер у прытулку і малодшая дачка — яе туды забралі, пакуль бацька паехаў на суд.

Мужа Тацяны Гацуры-Яворскай, грамадзяніна Украіны, выслалі з Беларусі і забаранілі ўезд у краіну на 10 гадоў. Вядома, што малодшы хлопец выехаў разам з Уладзімірам Яворскім.

Вольгу Залатар у сакавіку затрымалі «за актыўную пратэставую дзейнасць», і цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА. Ёй ужо выставілі афіцыйнае абвінавачванне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады. Яе муж у той жа дзень быў затрыманы за тое, што цяпер лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем — за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга ў акне дома, але сам мужчына сцвярджае, што ў іх нават не было сцяга. Вольга заяўляла пра фізічны гвалт — так ад яе патрабавалі разблакаваць тэлефон.

Жорсткае абыходжанне са шматдзетнымі жанчынамі — гэта не выпадковасць і не статыстычная хібнасць. Улады ў Беларусі заўжды казалі пра святасць мацярынства і пра тое, як важна для краіны, каб жанчыны нараджалі больш дзяцей. Тое, што цяпер з гэтых жанчын здзекуюцца — гэта прадуманая акцыя запалохвання ўсіх астатніх. Гэта паведамленне: «Нам усё адно, наколькі важнымі вы лічыліся раней. Цяпер вы ворагі, і мы вас не пашкадуем».

Сумнявацца ў пагрозах не даводзіцца. І праўда, не будзем жа мы разлічваць на высокія маральныя якасці сілавікоў, следчых і іншых удзельнікаў і ўдзельніц рэпрэсій. Альбо на тое, што яны будуць выконваць законы. Але самі па сабе гэтыя пагрозы наводзяць на думку, што ўлады падвышаюць стаўкі. І гэта значыць, што ранейшыя метады запалохвання не спрацоўвалі.

Я не сумняваюся ў творчых здольнасцях супрацоўнікаў і супрацоўніц шматлікіх ведамстваў і службаў. Яны шмат што яшчэ могуць прыдумаць — ажно да публічных павешанняў. Вось праўда, я і такому ўжо не здзіўлюся. Фашызм, як аказалася, вельмі лёгка аднавіць у еўрапейскай краіне ў 21 стагоддзі.

Але ўсё яшчэ спадзяюся, што Алена Маўшук будзе жыць. Як і ўсе астатнія палітзняволеныя.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: