«Зрабілі з сына нейкага вырадка, забойцу. А сапраўдныя злачынцы гойсаюць на свабодзе»

Маленькія дзеці Рамана Караневіча не бачылі бацьку тры месяцы. Случчанін быў жорстка затрыманы ў цэнтры горада 10 жніўня пасля мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.


Тады яго двое братоў адседзелі па 4 сутак. А Раман, якому пры затрыманні міліцыянты пашкодзілі пазваночнік, знаходзіцца ў Жодзінскім следчым ізалятары. Яго абвінавачваюць у парушэнні артыкула 363, ч.2 КК РБ — супраціўленне супрацоўніку ўнутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку з прымяненнем насілля ці пагрозай яго прымянення. Па гэтаму артыкулу прадугледжана пакаранне абмежаваннем свабоды на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленне свабоды на той да тэрмін.
І маці, і жонка Рамана вельмі стаміліся маральна ў чаканні заканчэння следства і судовага выраку.

— Нам вельмі не хапае мужа і бацькі, — сумна распавядае жонка Марыя. — У першыя дні старэйшыя дзеткі ўвечары ледзь не кожную хвіліну падбягалі да дзвярэй: чакалі, што вось зараз тата ўвойдзе. Абганялі адзін аднаго з крыкам: «Папа прыйшоў!» Асабліва, калі хто з сяброў ці суседзяў званіў у дзверы. Прыйшлося патлумачыць, што папа паехаў далёка зарабіць грошы на новыя цацкі і трэба пачакаць, пакуль ён вернецца.

Праз тры месяцы тату ўзгадвае толькі старэйшае дзіця, малодшае на яго амаль забылася...

Па словах Марыі, Раман цудоўны бацька. Працуе слесарам у металаапрацоўцы. Нягледзячы на стомленасць, заўсёды знаходзіць час для дзяцей. Вельмі любіць прыроду, жывёл і прывучае дзяцей шанаваць усё, што навокал.

Падчас нашай размовы свякруха вывела пагуляць хатніх улюбёнцаў — двух сабак. Малыя адразу з радасным віскатам кінуліся да іх — абдымаць і частаваць ласункамі.

Пасля затрымання асноўнага кармільца сям’і прыйшлося нялёгка. Апошнімі часамі Раман нядрэнна зарабляў. Сям'я з трыма дзецьмі жыве ў сацыяльнай двухпакаёвай кватэры. Раман з Марыяй імкнуліся адкласці крыху грошай на будаўніцтва большага па памерах жылля. У Рамана ёсць яшчэ адно дзіця — 10-гадовы сын ад першага шлюбу. Як мог, дапамагаў і яму. Зараз сям’і прыходзіцца літаральна выжываць. Марыя нават прадала свае ўпрыгожанні, каб выручыць дадатковую суму грошай на жыццё і падтрымку мужа.


Па словах Марыі, Раман піша ў лістах, што зараз пачувае сябе лепей, становішча з рабрынамі палепшылася, але спаць у СІЗА нядобра — пакутуе ад болю. Доктар сказаў, што трэба, каб прайшлі яшчэ 3-4 месяцы, каб перастала балець. Але муж просіць яе не хвалявацца, берагчы нервовую сістэму і клапаціцца аб дзецях.

 — Раман да гэтага часу не разумее таго, што з ім здарылася і чаму яго абвінавачваюць, — кажа Марыя. – Ён ніколі не кідаўся ў бойкі без ніякай прычыны. Адзінае, што ён мог не зразумець нападу і паспрабаваць сябе абараняць, бо не трывае гвалту над людзьмі.
     
Шматдзетная маці вельмі ўдзячна сябрам Рамана і ўсім неабыякавым людзям, якія зараз, як могуць, падтрымліваюць сям'ю.

Ірына Сцяпанаўна, маці вязня, яшчэ не старая жанчына, але па стану здароўя часова не працуе. Скардзіцца на пагаршэнне здароўя, праблемы з сэрцам, прыступы знямення рук і ног. Часта без прычыны сціскаюцца пальцы. Апрача Рамана, у яе яшчэ трое нежанатых сыноў, якія пражываюць разам з ёю. Абедзве кватэры знаходзяцца на адным паверсе, таму бабуля часта заглядае да ўнукаў, дапамагае нявестцы з імі ўпраўляцца.

Пакуль двое старэйшых хлопчыкаў (3 і 4 гады) весела гойсалі па пясочніцы, нам удалося крыху паразмаўляць з маці.

— Зрабілі з сына нейкага вырадка, забойцу. Сапраўдныя злачынцы гойсаюць на свабодзе, па-садысцку ўчыняюць расправы з людзьмі, здзекуюцца і катуюць іх, забіваюць, вешаюць на дрэвах і пакідаюць паміраць у лясных масівах. А майго сына абвінавачваюць, што ён нібыта нейкай бутэлькай ці камянём пашкодзіў міліцыянту патыліцу. Нібыта прыйшлося зашываць нейкую ранку памерам у 2 сантыметры, зрабіць 4 сцяжкі. Была цемра, адзінаццатая гадзіна ночы. На сына напалі 5 чалавек, трэба было мець неймаверную спрытнасць, каб у той цемры паспець нешта адшукаць і скарыстаць. Гэта ўсё міліцыянты сфабрыкавалі, каб патлумачыць вынікі калецтва чалавека, — выказвае свой пункт гледжання на абставіны затрымання Ірына Сцяпанаўна.

Па яе словах, сын вырас добрым чалавекам, які спачувае ўсяму жывому. Любіць дзяцей, сабак, катоў. З дзяцінства яго вабіць вада, захапляецца рыбнай лоўляй. Часта водзіць дзяцей на рэчку, канал, правесці час сярод прыроды, прывучае іх да самаабслугоўвання.

— Маё жыццё рэзка змянілася пасля расправы з маім сынам. Доктарка сказала, каб я меней хвалявалася, бо не выключана магчымасць інсульту, — распавяла маці. — Але дзе ж ты не будзеш хвалявацца! Раман быў для мяне маімі рукамі і нагамі. У вёсцы, дзе жыве мая матуля, маем падсобную гаспадарку. Гэта непадалёку ад горада. Ён там шчыраваў па суботах і нядзелях, бывала, заглядаў туды і пасля працы. Вельмі перажываю за яго будучае, наступствы для здароўя пасля збіцця. Проста так ў рэанімацыю людзей не вязуць і не ўтрымліваюць на бальнічным ложку некалькі дзён. Калі б было ўсё добра, то міліцыя не запатрабавала б ад мяне купіць гарсэт для пазваночніка. Да таго ж у бальнічным эпікрызе адзначаны апрача пашкоджаных дзвюх рабрын пашкоджанне звязкавага апарата галёнкаступнёвага сустава, параарбітальная гематома злева. Рэкамендавана лячэнне ў траўматолага. Пасля свайго збіцця ён не мог уставаць самастойна, з цяжкасцю рухаўся. Нават не мог ляжаць.

Месяц таму маці дазволілі сустрэцца з сынам.

Па словах Ірыны Сцяпанаўны, сын з удзячнасцю ўспамінаў пра медыкаў Жодзінскага ізалятара №8. Яны тыдзень трымалі яго ў санчасці, даглядалі, каб паставіць на ногі.


Пакуль цягнулася следства Рамана перыядычна прывозілі ў Слуцк для ўдзелу ў следчых дзеях. Але Ірына Сцяпанаўна кажа, што мае інфармацыю нібыта следчыя эксперыменты праводзіліся без удзелу самога пацярпелага міліцыянта.

Маці вязня ўдзячна сябрам Рамана, якія не кінулі яго ў бядзе.

— З нашымі грашыма складана было б падтрымліваць сына, бо заробкі ўсе б пайшлі на арганізацыю пасылак. Дзякуючы сяброўскай падтрымцы, пры наведванні Жодзінскага ізалятара ўдалося накупіць і перадаць прадуктаў, лекаў на ўсю камеру.

Яе мацярынскае сэрца шчыміць аб усіх, хто зняволены разам з яе сынам і пакутуе ў няволі. Хочацца падтрымаць усіх вязняў. Такую ж падтрымку ўсім вязням яна аказвае і падчас перадачы пасылкі сыну ў Слуцкім ізалятары, калі яго прывозяць на следчыя эксперыменты.

— Хацелася б спадзявацца на суд і верыць у справядлівы вырак. Але такой веры і ўпэўненасці ў правасуддзі няма.

Да падзей жніўня 2020 года я жыла нібыта ў іншай дзяржаве. Неяк прызвычаілася і не заўважала той хлусні і насілля вакол. Зараз жа беззаконне закранула і маю сям’ю. Складваецца ўражанне, што ў нашай краіне па загаду і без загаду міліцыя каго захоча, таго схопіць, паб'е альбо скалечыць, — кажа маці зняволенага.


Суд над Раманам Караневічам адбудзецца 11 лістапада ў Слуцкім судзе. 




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: