«Зрабілі жывы калідор і білі дубінкамі»

Жыхары Баранавічаў сустракалі ля СІЗА падлеткаў, якія трапілі пад "хапун" падчас вулічных пратэстаў


У Баранавічах увечары 10 жніўня сілавікі затрымлівалі гараджан, якія выйшлі на вуліцы горада. Пад усеагульны "хапун" трапілі і непаўналетнія, якіх днём 11 жніўня забіралі бацькі пад распіску з СІЗА №6. Intex-press пабывала каля брамы ізалятара і паразмаўляла з падлеткамі і іх бацькамі.
Бацькі чакаюць сваіх непаўналетніх дзяцей каля СІЗА №6 г. Баранавічы 10 жніўня. Фота: Таццяна МАЛЕЖ

Бацькі чакаюць сваіх непаўналетніх дзяцей каля СІЗА №6 г. Баранавічы 10 жніўня. Фота: Таццяна МАЛЕЖ



У 12 гадзін дня да СІЗА№6 у Баранавічах з усіх бакоў з'язджаюцца аўтамабілі, а ў самога ўваходу ў будынак стаіць натоўп людзей. Усе прыйшлі за сваімі роднымі: хто за дзецьмі, хто за мужамі, якіх затрымалі 10 жніўня.

Твары некаторых жанчын апухлыя ад бяссоннай ночы і слёз. Мужчыны маўчаць і нервова паляць. Не ведаючы адзін аднаго, але аб'яднаныя адным болем, яны дзеляцца сваімі перажываннямі, страхамі, распавядаюць, як даведаліся пра затрыманні блізкіх і дзе яны знаходзяцца. "Мне доўга не казалі, дзе маё дзіця". "Мяне адпраўлялі па крузе ў розных інстанцыях да раніцы". "Мой муж ехаў забіраць мяне з працы, яго выцягнулі з машыны. Дзе ён, я даведалася, а што з машынай — невядома".

"Забралі, калі выходзіў з аўтобуса"

З дзвярэй СІЗА выводзяць хлопчыка і выкрыкваюць яго прозвішча. Да яго кідаецца адна з жанчын — мяркуючы па ўсім, мама — і пачынае аглядаць твар і рукі сына на прадмет сінякоў і ранак. Сам хлопец быццам губляецца ў прасторы.

Жанчыну завуць Алена. Яна распавядае, што яе 13-гадовага сына сілавікі забралі, калі ён выходзіў з аўтобуса.

— Яго проста выхапілі, калі ён выходзіў з аўтобуса. Забралі і збілі, — са слязамі на вачах кажа Алена.

Гараджанка сыходзіць пісаць заяву аб тым, што "мае прэтэнзіі да знешняга выгляду дзіцяці".
Фота: Таццяна МАЛЕЖ

Фота: Таццяна МАЛЕЖ


Фота: Таццяна МАЛЕЖ

Фота: Таццяна МАЛЕЖ




"Зрабілі калідор і білі дубінкамі"

Следам выпускаюць другога. Гэта 15-гадовы Данііл. Ён распавядае, што ішоў дадому і калі пераходзіў дарогу каля старога парку, да яго падышлі міліцыянты і адвялі "пагаварыць".

— Я сказаў, што іду дадому, і прапанаваў паглядзець мае званкі, каб яны зразумелі, што я не хлушу і тэлефанаваў маме, папярэджваў, што хутка буду, — распавядае Данііл. — Потым падышлі людзі ў форме, заламалі рукі і павялі мяне да аўтазакаў. А калі запіхвалі, то ўдарылі дубінкай.

Яго мама, Вольга, кажа, што пра месцазнаходжанне сына яна даведалася толькі ў 10 раніцы 11 жніўня.



Тым часам хлопец распавядае, што яму "дасталася не моцна, іншых хлопцаў білі мацней".

— Калі нас прывезлі ў СІЗА, то сілавікі зрабілі калідор і білі нас дубінкамі і нагамі, — успамінае хлопец.

Усе хлопцы, якія выходзяць, як адзін казалі аб тым, што на іх нецэнзурна лаяліся, білі, праводзілі праз жывы калідор сілавікоў, што ім было страшна. Адзін з хлопцаў адзначыў, што ў вачах сілавікоў "была нянавісць".

Да тых, хто выходзиць, падыходзяць людзі, паказваюць фатаграфіі сваіх мужоў, знаёмых і пытаюцца, ці не бачылі яны іх у СІЗА. Кагосьці пазнавалі, кагосьці не. Многія бацькі казалі, што так проста гэтага не кінуць і будуць скардзіцца.

Бацькі аглядаюць сваіх дзяцей, якія выйшлі з СІЗА, на прадмет ранак, сінякоў і збіцця. Фота: Таццяна МАЛЕЖ

Бацькі аглядаюць сваіх дзяцей, якія выйшлі з СІЗА, на прадмет ранак, сінякоў і збіцця. Фота: Таццяна МАЛЕЖ




"А калі б іх сыноў так"

Людзі суперажываюць, абураюцца: "Як так можна схапіць дзіця! У яго траўма потым на ўсё жыццё застанецца. Няўжо ў іх няма сваіх дзяцей?! А калі б іх сыноў так"

Праз некаторы час выводзяць яшчэ аднаго хлопца. Яго завуць Мацвей, яму няма 18 гадоў. Да яго падбягае мама. Хлопец кажа, што з ім усё ў парадку, але кашуля і футболка з плямамі крыві кажуць аб зваротным. На яго твары ранкі, пабіты нос. На спіне — мама ўсё ж такі задрала кашулю, каб агледзець сына, — два сляды ад дубінак. А яшчэ Мацвей кульгаў. Хлопец супакойвае маці і кажа, што ўсё ў парадку. Разам яны паехалі ў траўмапункт.


Натоўп зноў пачынае абурацца.

— Што робяць гэтыя нелюдзі! Хто адкажа за збіццё нашых дзяцей?! Бо хтосьці ж павінен адказаць за гэта зверства.

intex-press.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: