«Зрабіў прапанову рукі і сэрца». Актывістка Алена Гнаук кранальна распавяла пра свой візіт да «былога»

Алену Гнаук называюць берасцейскай Ніна Багінскай. 63-гадовая пенсіянерка з вёскі Ткачы Пружанскага раёна стала вядомай на ўсю Беларусь сваім нязломным характарам. Гнаук дзесяць разоў затрымлівалі, у яе было 7 судоў, больш за 30 сутак у ІЧУ. Цяпер яна праходзіць па крымінальнай справе, ёй пагражае рэальны тэрмін зняволення. 
У панядзелак Алена Гнаук на сваёй старонцы ў Фэйсбуку распавяла, як ездзіла на спатканне з былым мужам. Выявілася, што той зараз знаходзіцца ў няволі за ўдзел у пратэстах.

— Сёння, 22 сакавіка, у майго Гнаук Паўла Сямёнавіча (былога) — дзень нараджэння! — піша Алена Гнаук. — Спаўняецца 57 гадоў!

На днях наведвала яго па месцы знаходжання — у арыштным доме ў Ваўкавыску, куды ён быў пераведзены з Баранавіцкай турмы. (Нагадаю, што ён адбывае тэрмін — тры месяцы арышту, па крымінальнай справе, фактычна за ўдзел у пратэстах разам са сваёй... былой жонкай).

У Ваўкавыск дабралася рэйсавым аўтобусам Брэст — Гродна, які праходзіць праз Пружаны. Дарога заняла ўсяго 1 гадзіну.20 хвілін. Да гэтага ў Ваўкавыску ніколі не была, толькі праездам, калі пару разоў ездзіла ў Гародню.

Побач з аўтавакзалам знаходзіцца чыгуначная станцыя. Ад яе можна дабрацца да Баранавічаў і да Гродна. Далей, на таксі (дарога па лічыльніку каштавала ўсяго 3 рублі) — дабралася да так званага арыштнага дома.

Як ні дзіўна, сам арыштны дом і супрацоўнікі мне спадабаліся. Памяшканне, дзе прымаліся перадачы, было вельмі ўтульным. Праўда, узяўшы мае дакументы, доўга некуды тэлефанавалі, узгаднялі, ўдакладнялі. Нагадаю: перадачы і спатканні прадастаўляюцца толькі блізкім сваякам. Я ж па дакументах пасля разводу лічылася «чужая».

Нарэшце, усё. Фармальнасці выкананыя, і мне было дадзена дабро на спатканне.

Праўда, не ўзялі газеты. Я сабрала некалькі асобнікаў (ксеракопія) «Народнай волі» і некалькі асобнікаў раёнкі «Пружанскі будні». Але літаральна прывялі да стэнда і паказалі, што газеты, аказваецца, не ўваходзяць у пералік перадачы. Вельмі перапрашалі...

Што ж, сёння адправіла бандэроллю.

Пашка зайшоў усмешлівы і... зменены. Увесь лысы! Распавёў пра сваё жыццё-быццё. На маё пытанне, ці не крыўдзяць, ты ж такі ліст напісаў, адказаў:

— Ды ты што? Начальнік атрада прыходзіць амаль кожны дзень і ўсё пытаецца, ці ёсць якія заўвагі, прапановы...

(Нагадаю, сябры, што даведаўшыся пра ўмовы ўтрымання, не зусім камфортныя, я накіравала начальніку калоніі свой «кампрамат»).

Пашка ўсё перажываў за мяне, за будучы суд. Тэрмін пакарання ў яго заканчваецца 29 красавіка.

У самым канцы ён зрабіў мне... прапанову рукі і сэрца! (Праз маю шкоднасць развяліся год таму). Сказаў, што калі раптам мяне пасадзяць, то будзе насіць перадачы і хадзіць на спатканні!

P.S. А гэта той самы арыштны дом. Уезд у прамзону.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: