«Зранку паставілі рэгістрацыю на месяц, а ўвечары далі 7 гадзін на выезд» (дапоўнена)

Сям’я шукала прытулку ў Беларусі, але не змагла атрымаць статус бежанцаў. Зранку 30 лістапада раённы орган па грамадзянстве і міграцыі ў Брэсце дазволіў ім застацца ў краіне да 28 снежня, аднак ужо ўвечары загадалі пакінуць краіну да поўначы.
Фота: Таццяна Свірэпа

Фота: Таццяна Свірэпа

Роўна год таму ў Брэсце за статусам бежанцаў і міжнароднай абароны звярнулася сям’я. Мужчына з ісламскай краіны, які ў 2014 годзе змяніў рэлігію, што забаронена на яго радзіме. Яго жонка — грамадзянка суседняй краіны, але і там ім было не вельмі бяспечна, паколькі ёсць агульная мяжа, і людзі часам знікаюць.

Два гады таму ў іх нарадзілася дачка, таму ў Брэсце яны былі ўтрох. Сям’я падала заяву на атрыманне статуса бежанцаў і дадатковай абароны. З юрыдычнымі працэдурамі ім дапамагала Упраўленне Вярхоўнага Камісара па справах бежанцаў ААН, сям’я жыла ў цэнтры бежанцаў.

6 жніўня 2018 года Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі адмовіў сям’і ў статусе бежанцаў і дадатковай абароне, хаця прызнаў у сваім загадзе факт пагрозы для мужчыны ў яго краіне. Судовыя абскарджванні не далі плёну, 15 лістапада пасля абскарджвання Мінскі гарадскі суд пастанавіў канчатковую адмову, разам з гэтым спыніла дапамогу і УВКБ ААН.

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta раней дапамагала сям’і ў гуманітарным напрамку, а цяпер дапамагла ім скласці наглядную скаргу і падаць у суд.

Па законе пасля ўступлення ў сілу судовага рашэння пра адмову, замежнікі і замежніцы павінны пакінуць тэрыторыю краіны цягам 15 дзён, калі няма падстаў для часовага ці сталага пражывання. Паколькі яны былі ў працэсе працаўлакавання, яны папрасілі працягннуць ім рэгістрацыю на месяц. Зранку 30 лістапада раённы орган па грамадзянстве і міграцыі ў Брэсце гэта зрабіў, да 28 снежня ім дазволілі знаходзіцца ў Беларусі.

Аднак каля 17 гадзін ім патэлефанавалі з Брэсцкага абласнога ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі і сказалі, што рашэнне пра рэгістрацыю ў Беларусі адмяняюць, і што яны разам з малой дачкой абавязаныя пакінуць тэрыторыю Беларусі да поўначы. І вось цяпер сям'я ў экстраным рэжыме спрабуе выехаць ва Украіну — гэта адзіны варыянт, каб прасіць там прытулак.

«Для мяне гэта такая нечалавечая сітуацыя з боку АГіМа: яшчэ 2 дні таму ў іх была заява з просьбай зрабіць рэгістрацыю на месяц, каб сям’я магла працаўладкавацца, і ўжо была ў працэсе гэтага. Яны ўчора пагадзіліся, зранку паставілі рэгістрацыю, а ўвечары патэлефанавалі і далі 7 гадзін на выезд. Нібыта за тое, што ўжо 2 разы працягвалі рэгістрацыю, а трэці раз рабіць гэтага нельга, хаця мне пра такія нормы невядома», — каментуе сітуацыю праваабаронца Human Constanta Наста Лойка.

Па яе словах, сям’ю цяпер трымаюць на мяжы беларускія памежнікі.

«Мужчына першы раз у Беларусь заяджаў па візе, і зараз яму кажуць, што ў яго няма выяздной візы, і таму яго могуць аштрафаваць, а таксама што Украіна іх не пусціць. Зараз там мой калега з імі на мяжы, нешта паспрабуюць зрабіць. Але што вось з людзьмі так абыходзяцца — вельмі непрыгожа, ды яшчэ ў мароз, а ў іх дачцэ 2 гады», — заключыла праваабаронца.

Пазней стала вядома, што сям’і вынеслі вуснае папярэджанне і выпусцілі з Беларусі, цяпер яны едуць на ўкраінскую мяжу. Разбіральніцтва на беларускім баку заняло каля дзвюх гадзін. Праваабаронцы будуць сачыць за сітуацыяй.

Дапоўнена:

Ноччу стала вядома, што на памежным пункце Даманава ўкраінскі бок не пусціў сям'ю на сваю тэрыторыю. Ім адмовілі ва ўездзе на падставе адсутнасці ў мужчыны візы. Праваабаронцы лічаць, што памежнікі ў гэтым выпадку не маюць рацыі. Але ёсць і добрыя навіны: беларускі бок дазволіў сям'і вярнуцца назад, ім сказалі, што чакаюць іх у міграцыйным цэнтры ў Брэсце.

«Цуд нейкі. Не зразумела, на колькі», — пракаментавала Наста Лойка.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!