«Зразумеў, як трапіў у пастку». Пра што піша Фядута ў першым лісце

З СІЗА КДБ прыйшоў першы ліст ад Аляксандра Фядуты, яго атрымала жонка Марына Шыбко, піша «Радыё Свабода».
Аляксандр Фядута, фота «Еўрарадыё»

Аляксандр Фядута, фота «Еўрарадыё»


«Ліст пра каханне — гэта першы ліст, які я атрымала за ўвесь гэты час, хоць адправіла яму ўжо тры, — кажа Марына Шыбко. — Усё разумее, усё зразумеў, куды трапіў, якая пастка. Зразумеў, як трапіў у пастку. Астатняе — асабістае, шле прывітанні».

Спадарыня Марына працытавала, што піша Аляксандр:

«Сёння на шпацыры паўгадзіны глядзеў на неба. Сіняе-сіняе і белыя аблокі, прыгожа. Сёння 26 красавіка».

На канверце штэмпель ад 28 красавіка. У лісце, які займае амаль дзве старонкі сшытка, ні адно слова не закрэслена цэнзурай.

«Ну што ж ён не ведае, як напісаць, ужо ж, мусіць, два разы на граблі наступае», — кажа Марына.

Аляксандр нічога не піша, ці атрымаў ён лісты.

«Я яму сёння адправіла тэлеграму, бо ў выхадныя цэнзара няма, і яму ліст праляжыць да панядзелка. Я ў панядзелак адпраўлю ліст з паштамта. Тэлеграмы яму даходзяць, мая першая тэлеграма яму прыйшла», — кажа Марына.

Аляксандр Фядута напісаў таксама, што замовіў кнігі.

Марына ўжо двойчы перадавала перадачы Аляксандру Фядуту, сярод іншага — лекі і танометр.

«У мяне ўсё прынялі. Я перадавала ўсё, што можна, бо я кажу, што я ўжо вопытны лагерны работнік, ведаю, як там і што, — кажа Марына. — Піша, што з боку медыцынскай часткі стаўленне да яго добрае, жартуе, што ціск яму мераюць часцей, чым ён мераў сам. Канешне, у яго былі праблемы з ціскам».

Паводле Марыны, адвакатка пад падпіскай аб неразгалошванні, але па тэлевізары абвяшчаюць больш, чым можа сказаць адвакатка.

«Я не глядзела ні вадзін фільм і гэта не каментую. Я бачыла яго выраз твару на застаўцы, усё разумею і, як Аляксандр напісаў, „відавочнае я не адмаўляю“, — кажа Марына. — Я мяркую, што нашы спецслужбы дарэмна хлеб не ядуць: што хацелі, тое зрабілі».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: