Зробім больш і лепш?

Міжнародны рух па ўборкам несанкцыянаваных звалак "Let's do it!" прапануе працягнуць добрую традыцыю Сусветных уборак у 2019 годзе.



Глабальны дзень уборкі прайшоў 15 верасня, удзел у акцыі прынялі 17 мільёнаў чалавек са 158 краін свету, у тым ліку з Беларусь. Гэта была самая буйная па колькасці валанцёраў прыборка за ўсю гісторыю руху "Let's do it!", нагадвае “Зялёны партал”.

У новым годзе арганізатары прапануюць для Сусветнай акцыі — 21 верасня.

Падводзячы вынікі Глабальнага дня ўборкі, арганізатары адзначаюць надзвычайныя ўмовы, у якіх давялося працаваць валанцёрам. Так, удзельнікі прыборак сутыкнуліся не толькі з нязвыклымі тэмпературнымі паказчыкамі, што вагаліся ад -10 градусаў па Цэльсію ў Канадзе да +48 — у Іране, а таксама з прыроднымі катаклізмамі і сюрпрызамі надвор'я.

"Нашыя лідары па ўсім свеце поўныя сіл паўтарыць усё ў наступным годзе. Акцыі па навядзенні чысціні з'яўляюцца выдатным спосабам ажыццяўлення імгненных змяненняў, а таксама прыцягнення ўвагі да праблемы неэфектыўнага кіравання адходамі і натхнення палітыкаў, кампаній і супольнасцяў на прыняцце мер па дасягненні дамоўленых змяненняў", — адзначае кіраўніца сеткавай каманды "Let's do it!" Хайдзі Солба ў прэс-рэлізе міжнароднага руху.

У 2018 годзе было запланавана, што кожная краіна-ўдзельніца мабілізуе на ўборку 5% свайго насельніцтва. Найбольшых лічбаў па колькасці ўдзельнікаў дасягнулі Інданезія (7,7 мільёна чалавек), Пакістан (3 мільёна), Злучаныя Штаты (1,5 мільёны), Непал (535 тысяч), а таксама Косава (195 тысяч, што складае 10,22%), Кыргызстан (420 тысяч — 7, 2%), Балгарыя (409 703 — 5,8%).

На жаль, Беларусі не дасягнула высокіх паказчыкаў. Як распавялі “Зялёнаму парталу” ў арганізацыйным камітэце беларускага руху "Зробім!", за сезон 2018 года ва ўборках паўдзельнічала 1344 чалавека, якія ачысцілі прыродныя масівы ад 105 460 літраў смецця.

"Для такіх вынікаў ёсць аб'ектыўныя і суб'ектыўныя прычыны. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі, падаецца ўсім відавочна праблема несанкцыянаваных звалак, людзі яшчэ мала здольныя браць адказнасць на сябе ў вырашэнні гэтага пытання. Прасцей перакласці яе на кагосьці іншага, чым прыкласці намаганні ў вырашэнні сваімі сіламі і рукамі. Вялікую ролю іграе неналежная падтрымка руху “Зробім!” дзяржаўнымі структурамі, якія да гэтага часу чамусьці бачаць у актывістах ворагаў, чым аднадумцаў і памочнікаў. Ці занадта літаральна прымаюць мэты акцыі і ў прымусовым парадку выводзяць людзей на ўборкі. Вядома, гэта не стварае пазітыўнага іміджу для акцыі. Адсутнасць пастаянных і моцных партнёраў, недахоп людзей у камандзе — таксама даюць ведаць пра сябе. І ўсё ж, мы збіраемся працягваць працаваць, бо бачым у гэтым патрэбу і хоць невялікі, але інтарэс з боку людзей", — адзначае кансультантка беларускага руху "Зробім!" Хрысціна Чарняўская.


Дадатковую статыстыку міжнароднага руху можна прагледзіць па спасылцы.

"Мы ўпэўніліся, што прыборкі — важны першы крок у павышэнні дасведчанасці пра праблемы кіравання адходамі і рэсурсамі ў грамадстве. Аднак да яе рашэння яшчэ далёка. Нам неабходна больш усведамлення і ціску на ўсе бакі, якія могуць паўплываць на тое, як мы распрацоўваем, вырабляем, спажываем і перапрацоўваем тавары. Праблема мае глабальны характар, і таму рашэнне патрабуе глабальных намаганняў. Менавіта таму мы павінны нарошчваць тэмпы разам, а не паасобку", — падкрэсліла кіраўніца аддзела камунікацыі "Let's do it!" Цііна Урм.

 

Рух "Let's do it!" распрацаваў дарожную карту неабходных крокаў, якія трэба зрабіць ўрадам, краінам, бізнесам, недзяржаўным арганізацыям і асобным людзям. Дакумент на 30 старонак пад назвай "Keep It Clean Plan" — гэта жывы інструмент руху, які прапануецца ў якасці плана дзеянняў тым, хто жадае сыграць актыўную ролю ў пераходзе да больш разумнага і ўстойлівага кіравання рэсурсамі. З бягучым планам можна пазнаёміцца па спасылцы.

"Лідары і партнёры нашага руху збіраюцца ў Таліне 24-27 студзеня на канферэнцыю “Чысты свет”, каб разам абмеркаваць, якім чынам мы можам паўплываць на месяцовых і глабальных узроўнях, — зазначыла кіраўніца руху "Let's do it!" Аннелі Охврыл. — Мы пачалі ствараць глабальную каманду для арганізацыі Сусветнага дня ўборкі 2019 года. Заўсёды рады пракамунікаваць і пасупрацоўнічаць з усімі людзьмі і арганізацыямі, што хочуць далучыцца да сумесных дзеянняў ці падтрымаць іх".

Як падкрэслілі ў беларускім аргкамітэце "Зробім!", сёння складана сказаць, на колькі беларуская каманда здольная дасягнуць мэтаў міжнароднага руху.

 

 

"Ва ўсялякім выпадку — гэта выклік і прыкмета таго, што нам ёсць над чым працаваць, куды імкнуцца. А гэта зусім не дрэнна! І, вядома, мы будзем радыя новым удзельнікам і ўдзельніцам каманды, якія могуць прынесці свежых ідэй і сілаў у рух", — дадала Хрысціна Чарняўская.

greenbelarus.info


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!