ЗША асудзілі прысуды Барысевіч і Сарокіну

ЗША асудзілі прысуды журналісту Кацярыне Барысевіч і лекару Арцёму Сарокіну, назваўшы гэты судовы працэс помстай рэжыму Лукашэнкі за выкрыццё дэзінфармацыі пра смерць Рамана Бандарэнкі.


Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце амбасады ЗША ў Беларуси, перадае АФН.

«Злучаныя Штаты асуджаюць палітычна матываванае прызнанне вінаватымі і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да журналіста Кацярыны Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна за іх ролю ў раскрыцці праўды пра смерць Рамана Бандарэнкі падчас яго затрымання міліцыяй. Гэтая крымінальная справа была накіраваная на тое, каб пакараць асоб, якія выкрылі дэзінфармацыю пра Бандарэнку, і адцягнуць увагу ад таго факта, што ў лістападзе супрацоўнікі сілавых органаў — а таксама асобы, якія дзейнічалі з іх адабрэння — збілі чалавека да смерці. Вінаватыя ў гэтым злачынстве так і не былі прыцягнуты да адказнасці. Замест гэтага ўлады вырашылі адпомсціць тым, хто выявіў факты», — гаворыцца ў заяве.

«Улады працягваюць змагацца з праўдай, а таксама з журналістамі і ўсімі тымі, хто яе распавядае. Злучаныя Штаты чарговым разам заклікаюць да спынення рэпрэсій супраць мірных пратэстоўцаў, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ і да прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто ўчыніў парушэнні. Злучаныя Штаты падтрымліваюць суверэнную і незалежную Беларусь, якая прытрымліваецца сваіх міжнародных абавязацельстваў па абароне правоў чалавека — уключаючы магчымасць для ўсіх беларусаў карыстацца сваімі правамі без пагрозы для жыцця і свабоды», — таксама сказана ў заяве.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: