«Журавы і журавіны» раскрыюць патэнцыял Міёр

На Міёршчыне мясцовая ўлада і грамадскасць пачалі працу над праектам па ўстойлівым развіцці. На працягу трох гадоў жыхары плануюць зрабіць сваю малую радзіму лепш.
Міёрскі край скарае сваёй самабытнасцю. Знаходзячыся на паўночным захадзе Віцебскай вобласці, ён мяжуе з больш вядомымі ў турыстаў Браславамі. Таму, напэўна, і не змог яшчэ ўголас заявіць пра сябе. Красамоўны факт: у Міёрскім раёне турыстаў гасцінна сустракаюць каля 40 аграсядзіб, а ў Браслаўскім — амаль у 10 разоў болей! Рэкрэацыйную недаацэненасць Міёрскага края пачынаеш разумець, калі заглыбляешся ў фактуру раёна. Тут цішыня і спакой: разам з раённым цэнтрам – Міёрамі – і гарадком Дзісна ва ўсім краі пражывае няпоўных 20 тысяч жыхароў. Іх спакой аберагаюць (увага!) каля 100 азёр і лясы, якімі пакрытыя 20% тэрыторыі раёна. Частка Міёршчыны — балоты, з якіх найбольш уражвае медытатыўная Ельня. Яно займае дзявятую частку раёна! Турыстычная эка-сцежка працягласцю 1,5 кіламетраў віецца па купінах імха ў самае сэрца балота. І гэта толькі пачатак турыстычнага засваення дыямента Міёршчыны.

Балота Ельня хавае ў сабе 9000 гадоў гісторыі — такі яго ўзрост. А плошча — пад 200 квадратных кіламетраў — меншая за Мінск толькі ў паўтары разы. Тут штогод збіраюць 500 тон журавін, назіраюць за сотняй відаў птушак, сочаць за дзясяткамі тысяч журавоў падчас іх міграцыі. З Ельні, дарэчы, выцякае і тры ракі.
Паступова фармуецца брэнд балота. Ужо зараз за Міёршчынай замацоўваецца вобраз краю, дзе трэба збіраць журавіны і назіраць за журавамі.

— Журавы спыняюцца ў шматлікіх кропках Беларусі, але, калі спытаць чалавека, дзе ў нас паглядзець журавоў, акрамя Міёрскага края, бадай, нічога не назавуць, — кажа Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар грамадскай арганізацыі Ахова птушак Бацькаўшчыны (АПБ), аднаго з партнёраў праекта.

Пераўтвараць праект па ўстойлівым разцці ў жыццё будуць не толькі мясцовая ўлада і АПБ. Да праекта далучаны і замежны партнёр — Латвійскі Сельскі форум. Плануецца, што такая трохбаковая праца ажывіць мясцовыя ініцыятывы, а ўся грамада зробіць вартую справу на карысць раёна: Міёршчына стане больш сучаснай. Па-сутнасці, падрымка ЕС узмоцніць патэнцыял раёна ў галіне партысіпатыўнага развіцця, абновіць сацыяльную інфраструктуру. З’явяцца спартыўныя пляцоўкі, кемпінгі, вышкі па назіранні за птушкамі. У цэлым акцэнт у праекце робіцца на развіцці раёна на аснове мясцовых брэндаў «Жураўлі і журавіны» і балота Ельня. Чакаецца, што ўжо зараз пазнавальны брэнд «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» набудзе другое дыханне.
Па сведчанні дырэктара АПБ, сёння ў Беларусі каля дваццаці раёнаў маюць афіцыйны герб — птушку. Але Міёрскі — адзіны, які мае і раслінны знак: балотныя журавіны. Аляксандр Вінчэўскі спадзяецца, што журавіны як сімвал замацуецца за Міёрамі назаўсёды. Каб гэта адбылося, працу над брэндаваннем рэгіёна трэба працягваць.

— Калі на рынках для паляпшчэнная гандлю ўсе журавіны ўмоўна пачнуць называць «міёрскімі», – гэта будзе добрым паказчыкам паспяховасці нашага праекта, — паўжартам тлумачыць Аляксандр Вінчэўскі.


Адзін з кіраўнікоў праекта, эксперт у галіне ўстойлівага развіцця Алег Сівагракаў падзяляе захапленні калег наконт патэнцыялу раёна.

— Такое прыроднае асяроддзе, як у Міёрскім краі, вельмі рэдка знойдзеш ў свеце, — кажа ён. — Бяспечных краявідаў, як азёры і балоты, па якім можна хадзіць басанож, засталося надзвычай мала. Таму не дзіўна, што ЕС падтрымаў праект па развіцці Міёр, раскрыццю патэнцыялу балот, новых магчымасцяў назіраць за прыродай. Еўрапейцы разумеюць каштоўнасць Ельні не толькі для Беларусі, але і для ўсяго чалавецтва. І важна, што наш праект мясцовы: менавіта на лакальным узроўні знаходзяцца рэзервы для роста. Калі ўсё зрабіць як трэба, на Міёршчыне складзецца той самы баналанс прыроды, эканомікі, соцыума і культуры, які мы называем устойлівым развіццём. Атрымае новае дыханне і рамесніцтва, і малы бізнес.


Згодна з планамі, для Міёр будзе куплены аўтамабіль хуткай дапамогі, пабудуюць спартыўныя пляцоўкі і закупяць трэнажоры. Добраўпарадкуюць тэрыторыю на сакральнай для Міёр паўвыспе на гарадскім возеры. Будзе рэальная падтрымка мясцовых ініцыятыў.

— Але варта разумець: аб’ём вытворчасці — не самае галоўнае у сённяшнім бізнесе, — дае экспрэс-рэкамендацыю Алег Сівагракаў. — Развіццё найперш адбываецца ў галовах людзей. Таму важныя інвестыцыі не ў нерухомасць, а ў чалавечы і сацыяльны капітал. Варта бачыць, што адрознівае вас ад іншых раёнаў. А такіх журавоў і журавін і такога балота больш нідзе не знайсці! Ужо па гэтай фактуры стартавыя магчымасці ў Міёр вельмі добрыя. Але ёсць і іншыя асаблівасці. Напрыклад, азёры Набіста і Абстэрна. Калі перакладаць са швецкай, першая назва азначае «новае месца». А другая — «нізкае возера». Гэта старажытныя варажскія словы, якія засталіся ў Беларусі — кавалачак шведскай ідэнтычнасці. Які, без сумневу, зацікавіць швецкіх турыстаў.

Алег Сівагракаў прыводзіць у прыклад Эстонію. Дакладней, эстонскую выспу Саарэмаа — яна здаўна славілася сваімі млынамі. У ХХ стагоддзі гэтыя млыны былі амаль усе разбураныя. Але калі ў 1990-х Эстонія атрымала незалежнасць, супольнасць выспы вырашыла, што млыны — найлепшы брэнд. Улады сталі танна прадаваць падмуркі ад былых млыноў з прапановай: будуйце, што жадаеце — дамы, кавярні, рэстараны, музеі. Але ўсё — у выглядзе млына. Гэта было зроблена, і цяпер усе турысты едуць фатаграфавацца на фоне млыноў, якіх у адным месцы ў такой колькасці больш нідзе ў свеце няма.

в. Саарэмаа, novaturas.lt

в. Саарэмаа, novaturas.lt


— Дарэчы, мы пачынаем гэты праект не на пустым месцы: у Беларусі існуе цэлая гісторыя руху па ўстойлівым развіцці, — робіць кароткія ўводзіны Алег Сівагракаў. — У 2004 годзе адзін з першых праектаў у Беларусі па гэтай тэме ажыццявіўся ў Дзісне Міёрскага раёна. Таму мы маем добрую глебу для працягу, а па выніках зможам распрацаваць мадэль мадэрнізацыі іншых раёнаў, — зрабіў эксперт закід на будучыню. — І вучыць іншыя раёны і вобласці, як працаваць з такімі тэмамі.

Важкім складнікам у змяненні аблічча Міёршчыны можа стаць і культурная дзейнасць. Міёры адметная і музейным аб’яднаннем. Педагог трэцяй гарадской школы Вітольд Ермалёнак заснаваў тры музеі і кіруе імі. Гэта Гістарычны музей, Музей кнігі і друку і Этнаграфічны музей. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы №3 Вольга Федуковіч паведаміла ў прыватнай размове, што школа мае цікавую задуму праекта, і хоча падаць заяўку на мікрагрант. Сутнасць ідэі намеснік дырэктара агалошваць не стала, але, верагодна, яна звязана з музейнай дзейнасцю.

Цікавяцца магчымасцямі па атрыманні фінансаў на развіццё і міёрскія аграсядзібы. Уладальнік адной з іх, Уладзімір Жабёнак, хоча зрабіць стаўку на міграцыю птушак праз Міёршчыну. А менавіта, зладзіць пруд з рыбай, які будуць наведваць пералётныя птушкі, каб падсілкавацца. Калі ўявіць гэта, карціна мае быць захапляльнай і цікавай для турыстаў.

Па словах Аляксандра Вінчэўскага, праект разлічына на тры гады. За гэты час можна не толькі штосьці змяніць да лепшага — міёрскі край атрымаў магчымасць праявіць сябе і стаць прыцягальным месцам для інвестыцый. Трэба зрабіць так, каб на працягу рэалізацыі праекта і дзяржава, і беларускія бізнесоўцы, і замежныя інвестары ўбачылі, што ўкладзеныя сюды сродкі вяртаюцца з аддачай. А чым больш раён будзе на віду і на слыху, тым болей тут з’явіцца турыстаў. Значыць — і заробку для мясцовых жыхароў. А ў моладзі будзе жаданне заставацца ў сваім родным краі.

Канчатковая мэта праекта, які падтрыманы Еўрапейскім Саюзам, — стварыць дзейсны механізм рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця раёна, які пабудаваны на партнёрстве мясцовай улады і структур грамадзянскай супольнасці. А потым рэалізаваць гэтую мадэль на практыцы з арыентацыяй на развіццё ініцыятыўнасці і адказнасці мясцовай супольнасці, падтрымку біялагічнай і культурнай разнастайнасці, развіцця сацыяльнай інфраструктуры і «зялёнай эканомікі».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: