Журналіст Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна прызнаныя палітвязнямі

Па стане на вечар 18 студзеня ў Беларусі ўжо 187 палітзняволеных.
Журналіст і медыяменеджэр Андрэй Аляксандраў быў затрыманы12 студзеня супрацоўнікамі МУС у Мінску. Разам з ім была затрыманая Ірына Злобіна.

15 студзеня ў афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя “па падазрэнні ў фінансаванні пратэснай дзейнасці”. Па ягоных словах, Аляксандраў і Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асобаў, якія прымалі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і кампенсаваннем сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ.”

Паводле паведамлення МУС, Аляксандраў з 22 жніўня па 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY Help.

На дадзены момант вядома, што Аляксандраў і Злобіна падазраюцца па ч. 2 арт. 342 КК (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак, а роўна фінансаванне і іншае забеспячэнне такой дзейнасці).

Улічваючы факт таго, што ў дачыненні да абодвух падазраваных у якасці меры стрымання было абранае ўтрыманне пад вартай (такая мера стрымання не можа быць абраная па абвінавачыванні толькі па ч.2 арт. 342 КК), у праваабаронцаў ёсць падставы меркаваць аб падрыхтоўцы прад’яўлення абвінавачвання па некалькіх артыкулах КК.

У сувязі з гэтым прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый адзначаюць: збор добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, а таксама прадстаўнікоў беларускай замежнай дыяспары і дапамога ў аплаце штрафаў асобам, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці толькі за факт удзелу ў мірных сходах і рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека свабодаў мірных сходаў і выказвання меркавання, не мае нічога агульнага з фінансаваннем якой бы ні было супрацьпраўнай дзейнасці і, адпаведна, не з’яўляецца злачынствам.

У дадзеным канктэксце дзейнасць Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай з’яўляецца добраахвотнай і дабрачыннай дзейнасцю па аказанні дапамогі ахвярам масавых палітычных рэпрэсій ў краіне і па сутнасці сваёй з’яўляецца правабарончай.

Згодна з арт. 1 Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Прынятая Рэзалюцыяй 53/144 Генасамблі ААН ад 09.12.1998), кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыцяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнароным узроўнях.

Згодна з арт. 13 дадзенай Дэкларацыі, кожны мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, запрошваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы адмыслова для мэтаў заахвочвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабод мірнымі сродкамі і ў адпаведнасці з арт. 3 Дэкларацыі.

Акрамя таго, кваліфікацыя такіх дзеянняў А. Аляксандрава і І. Злобінай як крымінальнага злачынства паводле ч.2 арт. 342 КК з’яўляецца відавочна нацягнутай і маніпулятыўнай.

Апалата штрафаў асобам, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП, і выдаткаў па іх ўтрыманні ў ЦІП і ІЧУ, не мае нічога агульнага з фінансаваннем масавых беспарадкаў ці іншых групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак: падазраваныя не ажыцяўлялі аплату нейкіх злачынных дзеянняў, загадзя не абяцалі аплату асобам пры ўмове здзяйснення дзеянняў, якія ахопліваюцца дыспазыцыямі арт. 342 ці 293 КК, не прымалі ўдзел у іх падрыхтоўцы (навучанні, іншым матэрыяльным забеспячэнні).

Праваабаронцы лічаць пераслед Аляксандрава і Злобінай з боку ўладаў палітычна матываваным, скіраваным на спыненне іх дзейнасці па дапамозе ахвярам палітычных рэпрэсій, а іх саміх палітычнымі зняволенымі, згодна з п. 3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: