Журналіста Барбарыча ўсё ж аштрафавалі

Карэспандэнта «Беларускага Радыё Рацыя» (Польшча) абвінавацілі ў падрыхтоўцы для замежнага СМІ без акрэдытацыі МЗС матэрыялу пра крымінальную справу супраць беларускіх журналістаў.

Фота spring96.org


Генадзь Барбарыч распавёў сайту Беларускай асацыяцыі журналістаў, што на навагоднія святы адправіўся да сваякоў у Брэст. А пасля вяртання ў Мінск даведаўся, што 3 студзеня суд Партызанскага раёна завочна разгледзеў справу, раней якое адпраўлена на дапрацоўку.

Генадзя Барбарыча прызналі вінаватым у нібыта парушэнні парадку вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ (арт.22.9 КаАП) — працы без акрэдытацыі на замежнае медыя. Журналіст пакараны за падрыхтоўку для «Радыё Рацыя» матэрыялу аб прад'яўленні калегам абвінавачванняў па так званай «Справе БелТА».

У лістападзе Барбарыч каля будынку Следчага камітэта ўзяў інтэрв'ю ў галоўнага рэдактара інфармагенцтва БелаПАН Ірыны Леўшынай, якое з'явілася на сайце «Радыё Рацыя».

Пасля гэтага міліцыя склала на журналіста пратакол, у якім абвінавачвала карэспандэнта ў падрыхтоўцы відэасюжэту. Аднак у судзе высветлілася, што ніякага відэа на сайце «Радыё Рацыя» наогул не было. Справу адправілі на дапрацоўку, а 3 студзеня журналіста ўсё-ткі аштрафавалі на 35 базавых велічыняў (892,5 рубля).

Барбарыч з рашэннем суда катэгарычна не згодны і збіраецца яго абскарджваць.

Генадзь Барбарыч — вядомы беларускі журналіст. Раней працаваў у інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, газеце "Беларусы і рынак", з'яўляецца лаўрэатам прэміі імя Дзмітрыя Завадскага.

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!