Журналіста Яўгена Меркіса выклікаюць у міліцыю «даць тлумачэнні»

Незалежны журналіст з Гомелю паведаміў у «Фэйсбуку», што яго выклікаюць у міліцыю.

Яўген Меркіс

Там Яўген Меркіс будзе вымушаны даць тлумачэнні наконт стрыму з-пад гомельскага ізалятару часовага ўтрымання. Стрым, вядоўцам якога быў журналіст, трансляваўся 31 сакавіка на старонцы ў «Фэйсбуку» «Белсату». У той дзень вядомага гомельскага відэаблогера Максіма Філіповіча меліся выпусціць пасля адбыцця содняў, але так і не выпусцілі, бо за кратамі яму далі яшчэ адно пакаранне.

«Падобнымі дзеяннямі ўлады замест выпраўлення ўласных памылак і цяжкай сітуацыі ў нашай краіне толькі накаляюць абстаноўку і прыцягваюць увагу да таго бязладдзя, якое ў нас робіцца», — напісаў Яўген Меркіс.

Таксама ён нагадаў, што цяпер «на соднях» знаходзяцца грамадскі і прафсаюзны дзеяч Андрэй Стрыжак і той самы відэаблогер Максім Філіповіч.

 «Ну а нас — нас не спыніць, не стрымаць. Не пераключайцеся!» — дадаў Яўген Меркіс.

belsat.eu

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!