Журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову на 2 гады адправілі ў калонію

Журналістак тэлеканала «Белсат», 27-гадовую Кацярыну Андрэеву і 23-гадовую Дар'ю Чульцову, на 2 гады адправілі ў калонію агульнага рэжыму.


Такое рашэнне 18 лютага вынес суд Фрунзенскага раёна Мінска (суддзя Наталля Бугук). Такі тэрмін зняволення для іх і прасіла пракурор Аліна Касьянчык, паведамляе «Еўрарадыё».

Андрэеву і Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 года ў доме на «Плошчы Перамен» у сталіцы падчас стрыму з разгону мірнай вулічнай акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. Журналістак прызналі вінаватымі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 КК). Яны нібыта выйшлі на праезную частку і бралі там каментары ў людзей, і гэта «выклікала спыненне транспарту». А таксама «шляхам агучвання інфармацыі» ажыццявілі «збор актыўных удзельнікаў, якія груба парушалі грамадскі парадак», «з мэтай стварэння масавасці для магчымасці супрацьстаяння дзеянням супрацоўнікаў праваахоўных дзеянняў».


Андрэева і Чульцова сваёй віны не прызналі. Яны — палітзняволеныя.

«Я не прашу, а патрабую апраўдання і вызвалення для сябе і маіх калег!» — гаварыла ў апошнім слове Андрэева.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: