Журналістаў «Белсату» апраўдалі пад воплескі ў зале суда

Алеся Дзянісава, Аляксея Кайрыса і Катажыну Ляўдацкую спрабавалі прыцягнуць да адказнасці па ч. 2 арт. 29. Адміністрацыйнага Кодэксу РБ («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»). Але справа з трэскам развалілася!
Алесь Дзянісаў, Катажына Ляўдацкая і Алесь Кайрыс

Алесь Дзянісаў, Катажына Ляўдацкая і Алесь Кайрыс

Сёння прайшло ўжо другое паседжанне суда Ленінскага раёну Гродна па справе журналістаў. У віну ім ставілі сюжэт пра 80-я ўгодкі кампазітара Чэслава Немана ў Васілішках (Шчучынскі р-н). Там абвінавачаныя нібыта здымалі відэа, якое пасля трапіла ў перадачу Nad Niemnem на «Белсаце». Сваёй віны яны, аднак, не прызналі.

Кур’ёз у тым, што ў канцы перадачы ішлі тытры, дзе значыліся прозвішчы зусім іншых журналістаў, якія і рабілі дадзены сюжэт. Але прачытаць напісаныя па-польску прозвішчы, як шчыра прызнаўся прадстаўнік Шчучынскага РАУС, там не далі рады – таму і завялі справу на Дзянісава, Кайрыса і Ляўдацкую (двох з іх раней ужо судзілі за супрацу з «Белсатам»).

«Гэта абсурд! – прамаўляла на сённяшнім судзе Катажына Ляўдацкая, — Вы губляеце наш час. Вы цягнеце з Васілішак сюды ў суд старых людзей, калі акурат мінуў Вялікдзень. Чаму менавіта мы? Няма нашых прозвішчаў у сюжэце, сведкі нас не пазналі, іншых доказаў таксама няма… Дык за што нас судзяць?»

У выніку, пасля паўгадзіннага перапынку суддзя ўсё ж такі зачытаў свой вырак: справу спыніць. Апошнія словы суддзі заля сустрэла воплескамі і абдымкамі.


Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!