Журналістка Ларыса Шчыракова атрымала пратакол без інфармацыі, што ж незаконнага яна зрабіла

У дачыненні да яе быў складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) капітанам міліцыі Цэнтральнага РАУСа Пятром Грамадцовым. Журналістку вінавацяць у тым, што яна зрабіла апытанне студэнтаў ГДУ наконт неабходнасці ўвядзення каранціну ў ВНУ, якое было паказана на тэлеканале Белсат.
«Каля 4-га корпуса ГДУ ім. Фр. Скарыны, – пазначана ў пратаколе, – парушыла п.3.4 арт.35 Закона “Аб сродках масавай інфармацыі” фактычна выконвала функцыю журналіста замежнага СМІ і з парушэннем абавязкаў журналіста ўдзельнічала ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ ў выглядзе сюжэта, які быў змешчаны ў раздзеле «Аб’ектыў", у эфіры тэлеканала Белсат».

Гэта ў красавіку бягучага года ўжо другі пратакол у дачыненні да журналісткі за «нібыта» незаконны выраб прадукцыі СМІ. 13 красавіка Ларыса Шчыракова была аштрафавана суддзёй суду Цэнтральнага раёну Сяргеем Салоўскім на 905 рублёў за здымкі сюжэта пра мірную пратэстную акцыю «Прагулкі па набярэжнай». Суд быў прызначаны на дзень народзінаў фрылансеркі.

«Дарэчы, гэты пратакол за апытанне студэнтаў мне гэты капітан міліцыі дасылае ўжо другі раз. – распавядае Ларыса Шчыракова. – Першы пратакол быў абсалютна не чытэльны. Я нават збіралася скардзіцца яго кіраўніцтву на такі пратакол, у якім немагчыма нічога разабраць. Я не пайшла на складанне пратаколу, па тэлефоне адмовілася нешта казаць, калі адбудзецца суд, таксама адмоўлюся нешта казаць пра акалічнасці справы бо гэта абсалютна бессэнсоўна. Але пратакол, канешне, дзіўны: пазначана ў колькі я была ля будынку ГДУ, з кім была, ля якога канкрэтна будынку, але не пазначана, што канкрэтна супрацьпраўнага зрабіла. Цікава, ці такі абсурдны пратакол дойдзе да суда”.

Журналістка мяркуе, што актывізацыя пераследу журналістаў – фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам Белсат, адбылася з-за актыўнага асвятлення тэлеканалам сітуацыі з каронавірусам у Беларусі, шэрагам крытычных матэрыялаў пра непадрыхтаванасць беларускай медыцыны да эпідэміі, неабароненасць медычнага персаналу, пра замоўчванне рэальных лічбаў тых, хто захварэў і памёр ад каронавірусу.

Нагадаем, цягам некалькіх год Ларыса Шчыракова прыцягвалася каля 30 разоў да адміністрацыйнай адказнасці за супрацу з тэлеканалам «Белсат». У сярэднім штрафы былі ў памеры ад 300 да 500 у.а. Таксама на яе аказвалі псіхалагічны ціск і нават пагражалі адабраннем непаўнагадовага сына.


gomelspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: