Журналістка «Новага Часу» атрымала пратакол «за ўдзел у пікетаванні»

Зрабіўшы матэрыял аб вулічнай акцыі, журналістка атрымала пратакол як удзельніца мерапрыемства.
Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

На журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк склалі пратакол «за ўдзел у пікетаванні без дазволу Мінгарвыканкама». Пра гэта Дзіяна паведаміла ў Фэйсбуку.

«Супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС палічылі, што я не асвятляла акцыю Моладзь БНФ па ўскладанні караблікаў да Расійскай амбасады ў якасці журналіста (спасылка на матэрыял у першым каментары), а прымала ў ёй удзел. Нават пратакол даслалі», — піша Дзіяна.

Нагадаем, «Новы Час» асвятляў 26 лістапада акцыю салідарнасці з украінскімі маракамі, захопленымі ў палон Расіяй:Да амбасады Расіі ў Мінску прынеслі папяровыя караблікі.

«Не разумею, навошта ім у штаце трымаць столькі дармаедаў, якія не могуць нават суаднесці падзеі з відэазапісамі, якія супрацоўнікі міліцыі вядуць на кожнай акцыі», — разважае Дзіяна.

За апошні тыдзень гэта ўжо трэці выпадак ціску ў дачыненні да супрацоўнікаў «Новага Часу»: на журналіста Мікалая Дзядка завялі адміністрацыйную справу за допіс у Фэйсбуку, а бізнесовец Леанід Зайдэс падаў іск супраць газеты і Дзяніса Івашына.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!