Зінаіду Цімошак пакідаюць у ізалятары да суда, нягледзячы на цяжкае захворванне. На чыім сумленні будзе яе смерць?

Знаходжанне ў ізалятары надзвычай небяспечнае для яе здароўя, паколькі яна мае рэўматоідны поліартрыт.
Крыніца фота: БАЖ

Крыніца фота: БАЖ

Калі адбудзецца суд, пакуль невядома, але вядома, што яго наша калега будзе чакаць у слуцкім ізалятары. Гэта нясе вялікую небяспеку для здароўя Зінаіды Цімошак, паколькі яна хварэе на рэўматоідны поліартрыт. Пры гэтым захворванні суставы запаляюцца і моцна баляць, і ўмовы ізалятара могуць незваротна пагоршыць здароўе Зінаіды Цімошак. Да таго ж гэтая хвароба аўтаімунная: наша калега вымушана ўвесь час прымаць лекі, якія зніжаюць імунітэт. Пры цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі гэта можа пагражаць яе жыццю.

У Слуцкім РАУС, куды мы датэлефанаваліся, нам адказалі, што прынялі інфармацыю і кінулі слухаўку. Таксама мы пэтэлефанавалі Вользе Чамаданавай, якая паабяцала пасадзейнічаць хаця б таму, каб Цімошак да суда пакінулі дома.


Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Зінаіды Цімошак і спынення яе пераследу!

Нагадаем, Зінаіду Цімошак затрымалі сёння ў вёсцы пад Слуцкам.

«Прыехалі з ранку ў 9 гадзін у вёску. Мусіць, вызначылі па тэлефоне. Не далі дапаліць печку. Кінула гарэць. Прасіла пачакаць, пакуль дапалю, не хацела ехаць. Патрабавала позву — прадэманстравалі кайданкі. Ехала на сваей машыне, але ззаду сядзела жанчына-крыміналістка», — паведаміла яна нам.

Верагодна, затрыманні адбыліся ў сувязі з акцыяй ушанавання памяці ахвяраў гета ў Слуцку, якая адбылася ўвечары 21 кастрычніка і якую асвятляла Зінаіда. Тады невялічкая групка случчан ледзь паспела ўскласці кветкі ахвярам слуцкага гета, як з’явіліся міліцыянты і абвясцілі іх вінаватымі ў здзяйсненні правапарушэння.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: