Журналістку Вольгу Чайчыц будуць судзіць за супрацоўніцтва з «Белсатам»

Позва ў суд прыйшла на паштовую скрыню журналісткі. Разгляд справы адбудзецца а 14 гадзіне ў судзе Дзяржынскага раёну (Дзяржынск, вул. Фаміных, 24а).



«У сюжэце, за які мяне будуць судзіць, я распавядаю пра тое, што нашу здымачную групу міліцыя не пусцілі на грамадскае абмеркаванне генеральнага плану Фаніпаля, чым парушылі Канстытуцыю, якая дае права кожнаму чалавеку на збор і распаўсюд інфармацыі. Да таго ж я яшчэ і жыхар Фаніпаля. У сюжэце я ўказала прозвішча кіраўніка фаніпальскай міліцыі, які не даў нам прайсці. Не дзіва, што за нас узяліся, менавіта ў Фаніпалі», — каментуе Вольга Чайчыц.
 
 
У пачатку мая Вольгу Чайчыц запрасілі ў фаніпальскае аддзяленне міліцыі, дзе прад’явілі абвінавачванні згодна з артыкулам 22.9 КаАП (праца без акрэдытацыі на замежныя СМІ).
 
 
На думку Вольгі, яе будуць судзіць разам з Сяргеем Краўчуком, які таксама раней атрымаў позву за гэты матэрыял.
 
 
Па падліках ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», у 2015 годзе беларускіх калег ужо 13 разоў прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў па гэтым артыкуле перасягнула суму ў 60 мільёнаў рублёў.
 
 
БАЖ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!