Журналісты Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік вымушана пакінулі Беларусь

Рэдактары сайта незарэгістраванага Саюза палякаў ZnadNiemna.pl, журналісты Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік вымушана пакінулі Беларусь з-за пагрозы іх арышту і адабрання з сям'і малалетняга сына, паведамляе reform.by.
Фота baj.by

Фота baj.by

Як распавёў сам Анджэй Пісальнік, 14 красавіка яго выклікалі ў пракуратуру Гродна, дзе пракурор заявіў, што яго дзейнасць шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі і ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па артыкуле аб распальванні нацыянальнай варожасці, а таксама аб рэабілітацыі нацызму.

Прэтэнзіі Пісальніку, па яго словах, прад'яўляліся за яго каментары польскім СМІ аб тым, што беларускія дзяржаўныя СМІ вядуць шырокамаштабную прапагандысцкую атаку супраць Польшчы і палякаў. Ён таксама параўноўваў пераслед польскіх актывістаў у Беларусі з пераследам палякаў у сталінскую эпоху. Пракуратуры не спадабаліся і выказванні Пісальніка аб тым, што іх праверкі ў цэнтрах навучання польскай мове і збор звестак выкладчыкаў ствараюць атмасферу запалохвання і накіраваныя на тое, каб беларусы менш вывучалі польскую мову.

Па словах Пісальніка, у пракуратуры яго папярэдзілі, што далейшыя падобныя выказванні пацягнуць для яго ўзбуджэнне крымінальнай справы. На наступны дзень, кажа ён, іх з жонкай сілавікі забралі з дому і адвезлі на допыт у Следчы камітэт у Мінску, выключыўшы тэлефоны. 11-гадовы сын пары Марцін пры гэтым застаўся дома адзін без нагляду. Дапытвалі мужа і жонкі як сведак па крымінальнай справе Саюза палякаў. Пасля допыту, які доўжыўся цэлы дзень, іх адвезлі назад у Гродна, даўшы зразумець, што іх статус па справе можа змяніцца, кажа журналіст.

Пасля гэтага сям'я вырашыла пакінуць Беларусь, каб пазбегнуць арышту і дзеля бяспекі дзіцяці. Пісальнікі плануюць працягваць падтрымліваць працу сайта.

Раней прадстаўнікі незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, Андрэй Пачобут, Марыя Цішкоўская, Ганна Панішава, Ірэна Бярнацкая прызнаныя палітвязнямі. Яны былі затрыманыя ў сакавіку і знаходзяцца пад вартай па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб. Акрамя таго, ціску падвяргаюцца польскія адукацыйныя цэнтры, у іх праводзіліся праверкі, а Польская школа ў Брэсце была ліквідаваная. Польскія ўлады абвінавачваюць Беларусь у пераследзе палякаў па этнічнай прыкмеце.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: