Звальняюць выкладчыцу БДУ, якая каардынавала стачкам універсітэта

Святлана Волчак шэсць гадоў прапрацавала выкладчыкам на факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ, сама яго ж і заканчвала. Кажа, што вельмі любіць фізіку і сваіх студэнтаў. Але 18 верасня ёй стала вядома, што яе звальняюць. Уся справа ў грамадзянскай пазіцыі, лічыць Святлана, ва ўніверсітэце ж настойваюць, што па палітычных матывах нікога не звальняюць.
 
Фота з асабістага архіву Святланы Волчак

Фота з асабістага архіву Святланы Волчак

— Пра тое, што мяне звальняюць, я даведалася ў прафкаме нашага факультэта, — тлумачыць Святлана Волчак. — Было пасяджэнне прафкамаў усіх факультэтаў, дзе як я зразумела, падтрымалі рашэнне аб маім звальненні. Афіцыйная прычына — тое, што я 14 верасня не праводзіла заняткі. Але я загадзя дамовілася, каб у гэты дзень мяне падмяніў іншы выкладчык. Гэта нармальная практыка, за шэсць гадоў маёй працы такое здаралася не раз, у нас добры калектыў, калегі заўсёды дапамагаюць адзін аднаму. Але ў гэтай сітуацыі гэта палічылі парушэннем. З мяне ўзялі тлумачальную, у якой я паказала, што напярэдадні адбывала адміністрацыйны арышт у горадзе Іванава, дзе мяне затрымалі. 12 верасня мяне вызвалілі, мне патрэбны быў час трохі аднавіцца, і ў панядзелак, 14 верасня, я вярталася ў Мінск.

Святлана ўдакладняе, што яна займала актыўную грамадзянскую пазіцыю: збірала подпісы сярод студэнтаў і выкладчыкаў пад петыцыяй з палітычнымі патрабаваннямі на імя рэктара БДУ, каардынавала стачкам універсітэта, стварыла чат аднадумцаў. Дарэчы, менавіта за рэпост анонсу маршу ў гэтым чаце яе ў выніку і адправілі на 15 сутак.

— Наколькі мне вядома, калегі рыхтавалі хадайніцтва аб тым, каб мяне пакінулі працаваць ва ўніверсітэце, аднак у выніку адзіны варыянт, які мне былі гатовыя прапанаваць — звальненне па пагадненні бакоў, — тлумачыць суразмоўца. — Аднак я сама звальняцца не хачу, я люблю фізіку, люблю сваіх студэнтаў і хачу і далей працаваць ва ўніверсітэце. Таму калі мяне вырашылі звальняць, хай звальняюць па артыкуле. Я напісала рэктару заяву, каб мяне азнаёмілі з загадам, пакуль адказ я не атрымала.

Як растлумачылі TUT.BY у прэс-службе БДУ, цяпер ідзе працэс па завяршэнні скасавання працоўнага дагавора са Святланай Волчак. Ва ўніверсітэце настойваюць, што прычына звальнення — парушэнне працоўнай дысцыпліны, а менавіта адсутнасць выкладчыка на працы 14 верасня.

— Ва ўніверсітэце да ўсіх выкладчыкаў аднолькавае стаўленне, якое рэгулюецца Працоўным кодэксам і калектыўным дагаворам. Нікога не звальняюць па палітычных матывах. Прычынай звальнення можа стаць сістэматычнае парушэнне працоўнай дысцыпліны. Цяпер завяршаецца працэдура скасавання працоўнага дагавора са Святланай Волчак за парушэнне працоўнай дысцыпліны і невыкананне заняткаў пасля адміністрацыйнага арышту.

Святлана кажа, што пакуль не знайшла новую працу.

— Вядома, крыўдна, што больш не ўбачу сваіх студэнтаў, у нас вучацца сапраўды таленавітыя рабяты, — кажа яна. — Я люблю фізіку, буду шукаць працу ў лабараторыях, іншых універсітэтах, прыватных кампаніях, хацелася б займацца папулярызацыяй навукі.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: