Зварот да брэнда «Бульбашъ»

Гаспадары гарэлачнага брэнда «Бульбашъ»! З самага пачатку ваш брэнд муляў вочы многім беларусам. Хіба прыстойна эксплуатаваць мянушку народа і прывучаць яго да яе? Мянушка – гэта паблажлівасць. Зводзіць сутнасць народа да яго ежы – ганьбіць народ. Паблажлівая і сама форма – як таргаш, алкаш і падобныя.
Фота з сайта 1863x.com

Фота з сайта 1863x.com

Тыя, хто кажа, што назва жартаўлівая, не заўважылі, як прынялі чужы стэрэатып. Беларусы ядуць бульбы не больш, чым іншыя народы былога ВКЛ, дзе бульба з’явілася раней, чым у Расіі. І не больш, чым у Расіі. Бульба фры ў нас асацыюецца з амерыканскім «Макдональдсам». У рэстаранах бульба ці бульбяное пюрэ – усяго толькі гарнір. Псеўданім ідэолага беларускасці Францішка Багушэвіча – Мацей Бурачок. Выраз «чарка і скварка» – не пра бульбу, як і традыцыя прыязджаць у вёску па свежыну. І паўкабанчыка – гэта не пра бульбу. Няма засілля бульбы і ў народным фальклоры. Дык адкуль гэты стэрэатып і нашто вы яго эксплуатуеце?

Слова «бульбаш» прыйшло ад расіян як рускае слова. Яно не фіксавалася як саманазва беларусаў і не паходзіць з беларускай. Не давалі нам бульбяных мянушак і іншыя суседзі. Але галоўнае не тое, чаму прыйшло з рускай, а чаму рускія не выкарысталі сваё слова «картошка» (бо, напрыклад, мянушка французаў «лягушатник» створана не з французскага слова).

Бо бульбашамі беларусаў пачалі зваць у савецкай арміі. Бульбу ў «вучэбках» СА чысцілі выхадцы з усяго СССР, але нашы хлопцы называлі яе па-свойму «бульба». За канкрэтнае слова «бульба», беларусы і заслужылі кляймо «бульбаш». Гэтак літоўцы атрымалі мянушку «лабусы» за вітанне «labas». І вось гэту салдафонскую мянушку вы распаўсюджваеце.

Ёсць здагадка, што ў вас не было намеру нікога абразіць. У рэкламных матэрыялах (у тым ліку, у вірусным відэароліку) вы пачалі выкарыстоўваць беларускую мову і беларускія атрыбуты. Магчыма, вы, імкняцеся пашырыць пакупніцкую аўдыторыю, гэткім дзіўным чынам апелюючы да нацыянальнай ідэнтычнасці? Калі так, то брэнд «Бульбашъ» гэтаму толькі шкодзіць.

Магчыма, вы б назвалі гарэлку «Беларус», але гэта слова нельга проста так ужываць у гандлёвых знаках. Дык ёсць жа і іншыя прыстойныя альтэрнатывы! Вам нават іх падкажуць. Я маю наўскідку некалькі варыянтаў. Калі ў вас сапраўды добрыя намеры, то змена брэнда вам толькі паспрыяе. Бо нацыянальныя атрыбуты ў годнай, а не карыкатурнай падачы шануюць усе.

Інакш разумнейшымі акажуцца тыя бізнесмены, якія звяртаюцца да нацыянальнага пачуцця з павагай. Напрыклад, тыя, хто падкрэслівае, што беларус беларусу – сваяк.


Чытайце таксама: Яшчэ раз пра бульбаша

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Люстэрка
  • 2018-10-04 00:32:15
У беларускай мове словы не ўтвараюцца з дапамогай суфіксу -аш. Гэта прамы доказ таго, што слова "бульбаш" не беларускага паходжання.
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-04 10:05:01
Як я ўжо распавядаў тут на форуме НЧ, гандлёвая марка БУЛЬБАШ прыдумана і запатэнтавана ў РБ мной беларусам здаецца ў 1996 годзе (не хочацца лезці ў архівы каб сказаць дакладней). Затым, калі я ўжо быў у Амерыцы, сённяшнімі фігурантамі судовай справы супраць НЧ ці іх партнёрамі, на падставе таго, што я болей за пяць лят марку не выкарыстоўваў, праз Вышэйшы гаспадарчы суд РБ дзейнасць майго патэнта спынілі. Затым гандляры мусілі запатэнтаваць маю марку ізноў для сабе, але, мяркую, на падставе крытэрыю НАВІЗНА Патэнтнае ведамства РБ не выдала ім патэнт. І толькі потым яны атрымалі патэнт на гандлёвую марку БУЛЬБАШЪ. Апошняе мне падаецца дзіўным, бо выходзіць, што такім чынам можна атрымаць гандлёвую марку на МАЗЪ. Але ці наўрад.

Што датычыцца сэнсу артыкула адкуль ды куды хадзіла слова БУЛЬБАШ у тэме брэнд, то гэта дзяцячыя бел-чырвона-белыя прапагандысцкія погляды аўтара. А адкуль прыйшло беларускае слова ці беларускі брэнд МАЗ? З расейскага краю, дзе вырабляліся ГАЗы?
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-04 14:53:50
На фб старонцы НЧ да мяне звярнуўся аўтар артыкула і я яму адказаў:
(1) Б-ч-б прысутнічае ў тваім тэксце: "Гаспадары гарэлачнага брэнда «Бульбашъ»! З самага пачатку ваш брэнд муляў вочы многім беларусам." (2) Брэнд вядомы і слова БУЛЬБАШ існавала недзе мільён ці мільярд лят до того, як стала брэндам ці было зарэгіна як гандлёвая марка. (3) Каб ты напісаў нешта іншае, чым крыць брэнд, то цябе тут не надрукавалі б. Усё дрэннае ў госці да нас і атрымаецца нумар Новага часу. Гэта пра бел-чырвона-белае.
Зараз лекцыя пра тое, што табе не можа быць вядомым. Часам патэнтуецца тое, чым карыстацца патэнтаўладальнік не будзе. То бок гэта мой выпадак 22 гадовай даўніны і я тады атрымаў патэнт КАБ БРЭНД БУЛЬБАШ НІХТО ў РБ НЕ ВЫКАРЫСТОЎВАЎ. Але карта лягла крыху інакш (чытай мой першы камент). Табе наскроз б-ч-б гэта не зразумець.
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-04 15:56:46
Яшчэ адзін адказ аўтару:
Я нідзе не казаў слова ГАРЭЛКА. Да таго ж, каб ты ведаў, недзе з 1986 я не піў спіртное і таму ў маіх гандлёвых марках адсутнічалі напоі ў якасці тавараў і паслуг, на якія распаўсюджвалася дзейнасць майго патэнта. Прынцыпова. Ці былі выключэнні? Не памятаю і не хачу лезці ў архівы. Наконт б-ч-б я выказаў вышэй: усё адмоўнае сюды і будзе б-ч-б шчасце ў новым нумары НЧ. Ну і наконт астатняга твайго мелкага. Вось купіў ранішні кубачак кавы хвілін 20 таму ў Старбаксе, п'ю і гляджу праз акно. Ідзе маладая амерыканка ў штанах (мо джынсы), якія быццам бы парваныя. Але яна глядзіцца на мой погляд прыгожа ў тых джынсах. Ў час маёй маладосці ў парваных штанах хадзіць было дурным тонам. Зараз час іншы. Мне падабаецца, як ходзіць сёння моладзь нават з дзіркамі на каленях. Гэта я да таго, што ничто не вечно под луной, але ўсё б-ч-б засталося нібыта ў 1988 ці нават у ВКЛ. Таму брэнд БУЛЬБАШ(Ъ) вам б-ч-б не падабаецца, а мне нармалёвы.