Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Зварот ГА «БАЖ» перанакіравалі ў мінінфарм

Адміністрацыя прэзідэнта адказала на зварот ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» адносна пераследу журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
Журналісцкае аб’яднанне прасіла Адміністрацыю паспрыяць спыненню пераследу журналістаў.

У адказе за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асоб Рыгора Шлыка паведамляецца, што зварот ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» накіраваны ў Міністэрства інфармацыі для прапрацоўкі і выкарыстання ў рабоце па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы масавай інфармацыі.

Нагадаем, два гады таму Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі паабяцаў разабрацца ў сітуацыі з пераследам грамадзянаў за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі МЗС.

Тады хваля пераследу журналістаў за супрацоўніцтва з «Белсатам», «Беларускім Радыё Рацыя» і «Deutsche Welle» спынілася. Аднак сёлета яна аднавілася з новай сілай — на сённяшні дзень ужо 45 раз журналістаў штрафавалі за працу без акрэдытацыі.

Разам з тым ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” настойвае тым, што прыцягваць журналістаў да адказнасці па гэтым артыкуле неправамерна нават паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Канстытуцыя ж Беларусі наогул гарантуе кожнаму грамадзяніну права збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю.

Паводле baj.by

Каментаваць