Звольнены дырэктар лідскага ліцэю: я магу зразумець, чаму людзі маўчаць. Яны ў гэтым удзельнічалі, ім страшна»

Жыхар Ліды Юры Хромін 24 гады працаваў у школе, апошнія два гады — дырэктарам ліцэю. Ён адмовіўся ўзначаліць выбарчую камісію на сваім участку. 19 лістапада з ім не працягнулі кантракт, — піша «Радыё Свабода».

Юрыю Хроміну 49 гадоў, ён гісторык па адукацыі. Працуе ў школе з 1993 году. Два гады таму яму прапанавалі стаць кіраўніком прэстыжнай гарадзкой установы — ліцэю № 1. Зарабляў 1500–1800 рублёў. Яго цанілі на гэтай пасадзе, асаблівых пытанняў да яго раней не было. Жонка — настаўніца біялогіі, працуе як рэпэтытар. Двое дзяцей. Разам яны хадзілі на апазыцыйныя мітынгі.

«Я не скажу, што я ў шоку», — кажа Юры пра сваё звальненьне.

Калі яму не працягнулі кантракт, спаслаліся на спагнаньні, якія сёлета атрымаў дырэктар.

Першае — за тое, што пэдагог-арганізатар ліцэю папярэдзіла вучняў, каб тыя не хадзілі на мітынг Святланы Ціханоўскай. Інфармацыя, што ліцэістаў запужваюць, трапіла ў апазыцыйныя тэлеграм-каналы. Юры Хромін кажа, што тады яго афіцыйна пакаралі нібыта за тое, што дапусьціў такую «недэмакратычную пазыцыю» пэдагога. Другое спагнаньне ён атрымаў ужо пасьля выбараў — за тое, што неналежна правеў пэдагагічную нараду.

Сваю грамадзянскую пазыцыю Хромін агучыў адразу пасьля 9 жніўня, спачатку перад настаўнікамі, потым — перад дырэктарамі іншых школ.

«Я сказаў, што выбары сфальсыфікавалі і што гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў недапушчальны. Нам як кіраўнікам трэба выказаць сваю пазыцыю», — успамінае Юры Хромін.

Улетку Хроміну «настойліва» прапанавалі ачоліць выбарчую камісію ў ліцэі. Ён адмовіўся і напісаў заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. Аднак тады яго ня звольнілі. Выбарчы ўчастак узначаліла чыноўніца, якая выконвала абавязкі загадчыка ўпраўленьня райвыканкаму.

З ініцыятывы Хроміна пасля выбараў настаўнікі ліцэю напісалі зварот з традыцыйнымі патрабаваньнямі калектыву. Аднак ён кажа, што сярод настаўнікаў не было агульнай пазыцыі, таму гэты зварот ён нікуды далей не перадаў, каб тыя пасля не пашкадавалі, што на эмоцыях паставілі свой подпіс.

На сустрэчы з дырэктарамі яго падтрымаў адзін калега, іншыя маўчалі. Многія з іх узначальвалі выбарчыя камісіі.

«Я магу зразумець, чаму людзі маўчаць. Бо яны ў гэтым удзельнічалі. Ім таксама страшна. Гэтая сістэма пачне руйнавацца, калі рызыка застацца ў ёй будзе большая, чым выйсці з яе», — мяркуе суразмоўца.

Калі стала вядома пра ягонае звальненне, за вяртанне Хроміна ў школу сталі падпісвацца настаўнікі ліцэю і іншых школаў, бацькі вучняў. Сабралі некалькі дзясяткаў подпісаў. Аднак гэта нічога не змяніла ў лёсе дырэктара.

Пасьля звальненьня яму ўжо прапанавалі працу, звязаную з адукацыяй.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: