Звольнены старшыня першаснай арганізацыі прафсаюза РЭП ММЗ Андрэй Комлік-Ямацін

28 кастрычніка стала вядома пра звальненне старшыні першаснай арганізацыі прафсаюза РЭП Мінскага маторнага завода Андрэя Комлік-Ямаціна.


Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, «пакуль ён збіраў рэчы на сваім працоўным месцы, яго затрымалі і адвезлі ў Партызанскі РУУС». Аднак жонка Комлік-Ямаціна інфармацыю пра затрыманне не пацвердзіла.

Нагадаем, 26 кастрычніка каля 50 працаўнікоў Мінскага маторнага заводу правялі на тэрыторыі прадпрыемства сход, на якім абмеркавалі магчымасць правядзення забастоўкі. Як паведамляў БелаПАН, сход прайшоў у абедзенны перапынак. Яго ўдзельнікі таксама абмяркоўвалі пытанне выхаду з афіцыйнага прафсаюза.

14 жніўня на Мінскім маторным заводзе працоўныя правялі акцыю супраць фальсіфікацыі выбараў і жорсткасці сілавікоў, у якой прынялі ўдзел каля 700 чалавек.

Андрэй Комлік-Ямацін — сын бухгалтара прафсаюзу РЭП Ігара Комліка, працаваў на ММЗ тэрмістам. Ён быў фігурантам так званай «справы патрыётаў», правёў 101 дзень за кратамі. Гэтую справу спынілі, так і не давёўшы да суда.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: