Звольненыя нафтавікі: «Не ўсё вымяраецца грашыма — грошы мы заробім у іншым месцы»

У Рэчыцы з упраўлення прамыслова-геафізічных работ дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Беларуснафта» звольнены шасцёра спецыялістаў-нафтавікоў. 26 кастрычніка яны падтрымалі страйк, а ўвечары даведаліся пра звальненне.

Спецыялісты УПГР «Беларуснафта»


Гэта начальнікі партыі прамысловай геафізікі Андрэй Коваль і Сяргей Палякоў, інжынер-электронік Уладзімір Кайлеў, машыністы Андрэй Кандраценка, Максім Сапончык і Андрэй Шульжонак.

Напярэдадні яны запісалі відэазварот, у якім выказалі пратэст супраць гвалту і беззаконнасці ў Беларусі. Амаль усе мужчыны даўно працавалі ва УПГР «Беларуснафты», мелі добрыя заробкі.

— Не ўсё вымяраецца грашыма — грошы мы заробім у іншым месцы. Ёсць яшчэ сумленне, а яно не прымае гэтую ўладу, якая чыніць над сваімі грамадзянамі гвалт і беззаконне, — зазначыў у размове з журналістам «Народнай Волі» Сяргей Палякоў.

26 кастрычніка, у дзень далучэння да агульнага страйку, Сяргею споўнілася 36 гадоў. Ён бацька трох дачок, і дбае пра годную будучыню ў дэмакратычнай Беларусі. Кажа, што вельмі ўзрушаны падтрымкай калег з «Беларуснафты», і не толькі іх, але і незнаёмых грамадзян, якія пішуць, тэлефануюць, выказваюць салідарнасць і прапануюць дапамогу.

Рэчыцкія нафтавікі на маршы пратэсту ў Гомелі


Сяргей адмаўляецца ад матэрыяльнай дапамогі, тлумачыць, што мае на першы час «падушку бяспекі». Пра тое, што іх звольнілі з прадпрыемства, мужчыны даведаліся з картак заробкаў, на якія ўжо вечарам паступілі разліковыя грошы. Да таго ж страйкоўцам тэлефануюць з галаўной базы і патрабуюць здаць спецвопратку, а гэта таксама прыкмета звальнення. Юрыдычна не можа быць звольнены толькі машыніст Сапончык, які афіцыйна знаходзіцца ў адпачынку.

Інжынеру-электроніку Уладзіміру Кайлеву 43. Ён скончыў Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт, у нафтаздабываючым аб’яднанні працаваў па спецыяльнасці амаль два дзесяцігоддзі.

— Далей я проста не мог бы жыць і працаваць з веданнем таго, што пабачыў: у краіне супраць свайго народа, па сутнасці, распачата вайна. У людзей страляюць, іх збіваюць, калечаць, кідаюць у турмы, штрафуюць, запалохваюць. А за што? За тое, што яны выходзяць на вуліцы і патрабуюць сумленных і справядлівых выбараў. Рэжым Лукашэнкі незаконна ўтрымлівае ўладу, і я не магу яго падтрымліваць сваёй працай, — кажа Уладзімір.

Нафтавікі сёння былі каля вытворчай базы, але іх папярэдзілі калегі, што да прадпрыемства з’язджаецца міліцыя, і яны пакінулі вытворчую зону.

Ва ўпраўленні прамыслова-геафізічных работ пазбягаюць каментарыяў пра звальненне спецыялістаў, а прэс-служба аб’яднання раіць дасылаць пісьмовы запыт.

Паводле неафіцыйных звестак, страйкоўцы звольнены за «парушэнне працоўнага заканадаўства».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: