Звольнілі Вячаслава Сырыцу

Кіраўнік агракамбіната «Сноў» у Нясвіжскім раёне і сенатар Мікалай Радаман звольніў лепшага работніка камбіната, ардэнаносца Вячаслава Сырыцу.

Вячаслаў Сырыца амаль паўвека шчыра прапрацаваў кіроўцам у гаспадарцы. Год таму не змірыўся, што яго пазбавілі ўсіх выплат нібыта за крадзеж 5 літраў саляркі, і звярнуўся ў суд.

Мікалай Радаман такі паступак работніка ўспрыняў як асабістую абразу, піша “Радыё Рацыя”. Цяпер Вячаслава Сырыцу звольнілі за нязгоду перайсці на гадавы кантракт з бестэрміновай дамовы.

— Помсцяць яны мне. Хацелася папрацаваць, пакуль яшчэ здароўе ёсць. Нават ніхто дзякуй не сказаў і рукі не падаў за тое, што амаль 50 гадоў адпрацаваў, — кажа Вячаслаў Сырыца. — Недахоп кіроўцаў, трактарыстаў, а ён мяне звальняе з працы.

Праваабаронца “Вясны” Аляксандр Вайцешык лічыць такое рашэнне кіраўніка безгаспадарчым і незаконным:

Мы гэта звальненне будзем абскарджваць, бо лічым яго незаконным.

Паводле праваабаронцы, апошняй кропляй перад звальненнем стаў факт адваявання Сырыцам 200 рублёў за перапрацоўку. Выплацілі толькі за месяц.

Можна толькі ўявіць, колькі грошай недаплачана за год, калі не казаць за гады ў маштабах усёй гаспадаркі, у якой працуе дзве з паловай тысячы чалавек. На такі крок наважыўся адзін Вячаслаў Сырыца. І гэты факт будзе абскарджаны. 

Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: