«Жыцця вам тут не будзе, паедзеце жыць у Польшчу»

Павел К. з Маладзечна адбыў 39 дзён арышту. 9 траўня ў яго кабрыялеце быў разгорнуты бел-чырвона-белы сцяг. «Суткі» ён адбываў у маладзечанскім ІЧУ. Павел распавёў «Свабодзе», як гэта было.

34-гадовы прадпрымальнік Павел К. мае дваіх дзяцей: дачцэ 10 гадоў, сыну — 2. Маці Паўла мае інваліднасць 1-й групы. Кажа, што прасіў, каб не пазбаўлялі волі, бо яго маці патрэбны догляд, але гэта ні да чаго не прывяло.

9 траўня разгарнулі над галавой бел-чырвона-белы сцяг


Павал расказаў, што ў той дзень забраў кабрыялет са станцыі тэхабслугоўвання. Звычайна 9 траўня ён выязджае са сцягам з надпісам «Са святам Перамогі», кветкамі, уключае музыку ваенных гадоў. Але сёлета сябар, з якім ён вырашыў праехацца, разгарнуў над галавой бел-чырвона-белы сцяг. Ля крамы «Яшма» іх заўважылі супрацоўнікі міліцыі і з мігалкамі пачалі пераследаваць. Яны спыніліся па патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ, а потым пад’ехала «група затрымання».

«Пачалося жорсткае затрыманне з ужываннем спецсродкаў: ружжаў, кайданкоў, газу. 52-гадовага пасажыра пабілі, адбілі нырку, у яго былі тры гематомы на галаве, а ў пастарунку пачалася тахікардыя».

На судзе супрацоўнікі міліцыі гаварылі, што яны, маўляў, пераследавалі Паўла і неаднаразова патрабавалі, каб ён спыніўся.

«І ў гэтым, маўляў, было непадпарадкаванне. Непрыемна было гэта чуць ад падпалкоўніка і маёра ДАІ», — кажа Павел.

Паўла асудзілі спачатку на 25 сутак, а потым, перад вызваленнем, яшчэ на 14. На першым судзе ён прасіў далучыць да справы запісы відэарэгістратараў, аднак яму адмовілі. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што прымянілі спецсродкі, таму што аўтамабіль заблакавалі з двух бакоў — група затрымання і ДАІ. Яны праводзілі «спецаперацыю па блакаванні». А на другім судзе, паводле Паўла, калі паглядзелі відэарэгістратар, было відаць, што ён спыніўся сам, збоку пад’ехалі супрацоўнікі ДАІ, яны ўжо правяралі дакументы, а потым толькі прыехала група затрымання. То-бок, сцвярджае Павал, там відаць, што ён не чыніў непадпарадкавання.

«З майго боку падышлі супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС, выцягнулі з кабрыялета, паклалі тварам у асфальт. А сябра затрымлівалі супрацоўнікі, якія сказалі на судзе, што іх месца жыхарства — Рэспубліка Беларусь. І менавіта гэтыя вельмі жорстка білі, — кажа Павал. — Я думаю, што наўрад ці яны прыдумалі дату свайго нараджэння. То-бок гэта тое самае, што 22-гадовае дзіця біла б 52-гадовага бацьку. Вельмі жорстка, нагамі, ляжачага, яму залілі паўбалона пярцовага газу ў вока, ён прасіў вады. Мы прасілі выклікаць „хуткую“, але яе так і не выклікалі».

«Хуткую», паводле слоў Паўла, выклікалі, калі мужчыны ўжо знаходзіліся ў «стакане» ў пастарунку. Лекары зрабілі сябру Паўла ўкол, бо ў яго вельмі балела сэрца.

«Было страшна, калі прывезлі ў цір. Нас завялі да мішэняў і паставілі ля мішэняў на калені. Яны адышлі ад нас. Я ўжо зрабіў глыбокі ўдых, было адчуванне, што тыя, хто стаіць з ружжамі каля перагародак, адкуль страляюць, могуць сапраўды стрэліць. Але прыйшоў нехта з афіцэрскага саставу — і нас паклалі тварам у падлогу. Па супрацоўніку селі нам на лыткі, прыціснулі каленямі і начапілі кайданкі. Потым пачалі правяраць тэлефоны і складаць пратаколы за непадпарадкаванне і адзіночны пікет. Мяне яшчэ абвінавацілі ў несвоечасовай рэгістрацыі аўтамабіля і неспыненні па патрабаванні ДАІ».

Дапытвалі і пра лецішча Балабы, і пра надпісы


Паводле Паўла, пра тое, што адбывалася за гэтыя «суткі» ў ізалятары, можна напісаць кнігу. Камера была маленькая: шэсць крокаў уперад, шэсць крокаў назад.

За 39 дзён яго дапытвалі восем разоў, вадзілі на паліграф. На адным з допытаў пыталіся пра лецішча камандзіра мінскага АМАПа Дзмітрыя Балабы ў Гарадзілаве, якое згарэла. Казалі, маўляў, ёсць падазрэнне, што Павел падпаліў гэтае лецішча. Таксама дапытвалі пра надпісы і, зноў жа, на паліграфе. Сам начальнік міліцыі дапытваў 4 разы.

«Я нават не ведаў, дзе тое Гарадзілава знаходзіцца. Кажу: „Крыўдна, што вы траціце такія рэсурсы, каб знайсці чалавека, які спаліў стары дом у вёсцы, замест таго, каб знайсці злачынцаў, якія забілі Рамана Бандарэнку. Можна было праверыць усіх на паліграфе і выявіць датычных да забойства чалавека“», — згадвае Павел.

«Я сказаў начальніку міліцыі, што пагутарыць цяпер я магу толькі ў такіх абставінах, седзячы ў ізалятары, у кайданках, і я хачу, каб вы мяне пачулі. Я пытаўся, чаму нельга было пагутарыць з людзьмі ў жніўні», — расказвае Павел, прыгадваючы, як людзі пасля выбараў у Маладзечне падыходзілі да будынку выканкама.

Таксама Павал кажа, што перад вызваленнем з ім хацеў паразмаўляць «палкоўнік у цывільным».

«Я сказаў яму, што адседзеў 39 сутак галодны, што ледзьве стаю на нагах, бо вельмі хачу есці. На сняданак была гумовая каша з катлетай, якой не наясіся. Таму я сказаў, што спачатку трэба пад’есці, а потым весці размовы», — успамінае Павал.

«Удалося скрасці са сваёй перадачы 4 снікерсы»


25 дзён Павал правёў у камеры адзін, пасля да яго падсялілі чалавека, затрыманага за разбой, а затым яшчэ аднаго «палітычнага». Ад яго ён даведаўся пра тое, што адбываецца на волі.

Перадачы ў ізалятар Паўлу прыходзілі ад брата, там былі цёплыя рэчы і харчы.

«Я прыходзіў на склад, дзе ляжалі перадачы. У канцы першага тыдня мне аддалі туалетную паперу, зубную пасту і мыла. На другі тыдзень ужо далі шкарпэткі, швэдар і ручнік, — кажа Павел. — Харчы я бачыў, але іх не аддавалі. Я іх нават бачыў у сне. Першыя два тыдні яшчэ больш-менш, быў нейкі запас тлушчу ў арганізме. А ў апошнія было ўжо вельмі цяжка. За час зняволення я схуднеў на 8 кілаграмаў, важыў 80, а выйшаўшы быў 72. Проста марыў пра гэтую ежу, не мог наесціся, калі выйшаў. Я спытаў у начальніка ізалятара, чаму не аддаюць харчы. Ён сказаў: "Без каментароў"».

Павал кажа, што яму ўдалося скрасці са сваёй перадачы 4 «Снікерсы».

«Самае лепшае, што адбывалася ў ізалятары, — гэта калі табе трапляла нешта салодкае, а шакалад — гэта як гармон шчасця. Я на тры дні расцягваў маленькі "Снікерс", націраў ім батон, і калі ўвечары ясі яго з вадой, то ўжо было весялей».

Павал згадвае, як у першыя дні ў ізалятары спачатку клаў пад галаву пратакол, бо было нязручна ляжаць на халодным. Потым некалькі дзён пад галаву падкладваў скарынку батона.

«Потым ужо батон заставаўся на вячэру. Днём хлеб дзяліў на некалькі разоў. Усяго тры кавалачкі хлеба на дзень давалі: паўтары лусты ў абед, палову лусты ўвечары і адзін кавалачак на сняданак. Паміж сняданкам і абедам праходзіла ад васьмі да дзесяці гадзін. Есці вельмі хацелася, таму даводзілася расцягваць. У камеры не было волкасці, таму пачаў сухарыкі рабіць, — кажа Павел. — За ўвесь час я паўбохана хлеба выпрасіў у ахоўнікаў, яны выдалі як з барскага пляча, лішні заставаўся. І потым яшчэ амаль цэлы батон аднойчы аддалі. Практычна на тыдзень яго расцягнуў. Карацей сядзеў, як граф Монтэ-Крыста».


«Хадзіў, размаўляў сам з сабой, складаў кнігу і ліст»


За 39 дзён Паўла ні адзін раз не вывелі на шпацыр. З акна ён бачыў шэрую агароджу, а знізу крыху было відаць блакітнае неба.

«У траўні было вельмі холадна, спаў у двух швэдрах і дзвюх куртках, двух штанах, трох парах шкарпэтак. У чэрвені зімовай курткай накрываўся замест коўдры. Два разы за ноч прыходзілі будзіць і некалькі разоў за ноч уключалі халодную вентыляцыю».

Паводле Паўла, у тым, што ты адзін у камеры, ёсць пэўныя выгоды: не трэба было есці з адной міскі разам з іншымі вязнямі. Таксама было лягчэй дыхаць, бо не было суседзяў-курцоў. Да таго ж, у камеры ўсім хочацца пахадзіць, паадціскацца.

Ліставацца не было магчымасці, асадку з перадачы не аддалі, паперы не было. Павал мяркуе, што і яму наўрад ці нехта пісаў лісты. Яму не давалі кніг, коўдры і кіпню.

«Калі там нічым не займацца, то можна звар’яцець. Хадзіў, размаўляў сам з сабой, складаў кнігу і ліст, — кажа Павел. — Я хацеў напісаць ліст Віктару Бабарыку, але раней не ведаў, як пачаць і што напісаць, бо не разумееш, што адбываецца там, у якіх умовах чалавек. Цяпер я зразумеў, што можна напісаць і як маральна падтрымаць. Усе разумеюць, што справа Бабарыкі палітычна матываваная. Ён пайшоў на выбары не дзеля грошай, а дзеля таго, каб нешта памяняць у гэтай краіне. Дзеля людзей усё, што меў, страціў у адзін момант. Лічу сваім абавязкам яго падтрымліваць».

Паводле Паўла, начальнік міліцыі падчас допыту сказаў, маўляў, жыцця вам тут не будзе, паедзеце жыць у Польшчу, вы ўсе змагары, вам тут няма чаго рабіць.

«Я казаў, што я не „змагар“ ці нейкі актыўны ўдзельнік. Я разумею, што было шмат пытанняў ад таго, што вісеў сцяг у двары нашага шматкватэрнага дома. Але гэты сцяг быў у гісторыі нашай краіны! Аднак пераканаць іх немагчыма, — кажа Павел, — Як сказаў начальнік міліцыі, гэтае 9 траўня вы запомніце на ўсё астатняе жыццё. Сапраўды забыць такое немагчыма. Гэта досвед, які мы набываем. Магчыма, яго было атрымліваць балюча і некамфортна, крыху здароўе пахіснулася, у дзяцей і ў мяне, але мы гэты досвед атрымалі так, як ёсць».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: