Жыццё сям'і падзялілася на «да» і «пасля»: гісторыі жонак баранавіцкіх вязняў

Сумна вядомыя першыя дні пасля жнівеньскіх выбараў-2020 сталі трагедыяй для ўсіх беларусаў па абодва бакі кратаў. Выданне «Intex-press» расказвае гісторыі дзвюх жыхарак Баранавічаў, для якіх леташні жнівень стаў асабістай кропкай незвароту.

Ілюстрацыйны малюнак Мікіты Пятроўскага / intex-press.by

Ілюстрацыйны малюнак Мікіты Пятроўскага / intex-press.by



Алеся, 21 год: «Кожны дзень думаю, ці прыйдзе муж сёння дадому»

— Майго мужа затрымалі ўвечары 9 жніўня, калі ён вяртаўся з працы. Ён працуе на СТА, графік такі, што і ў суботу-нядзелю даводзіцца выходзіць. Мы жывём у цэнтры горада, так што іншым шляхам, акрамя як па цэнтральных вуліцах, дадому не патрапіць.

У той вечар я ўжо клалася спаць, калі прыйшло паведамленне ад мужа. Ён напісаў, што яго затрымалі, але заўтра адпусцяць.

Я, вядома, захвалявалася. Мы не мясцовыя, пераехалі з іншага раёна, бацькоў побач няма, сяброў мала. Я сяджу ў дэкрэтным адпачынку з дзіцём (на той момант яму было паўгода). Інтэрнэту не было, пра тое, што адбываецца ў горадзе, не ведала.

Раніцай муж не з'явіўся, яго тэлефон не адказваў. Я яшчэ больш расхвалявалася. Дзе яго шукаць, куды тэлефанаваць? Патэлефанавала сястры, каб папрасіць у яе парады, родным мужа. Да мяне прыехала свякроў і сядзела з дзіцём, пакуль я шукала мужа.

Тэлефанавала ўсюды. Знайшла яго ўвечары 11 жніўня — у СІЗА. Трохі супакоілася, што цяпер хаця б ведаю, дзе ён. І павезла перадачу. У ізалятары мне сказалі, што ўвечары будзе суд. Вынікаў я не ведала. Ад гэтай невядомасці і страху я забылася пра сон. У галаву лезлі страшныя думкі. Я сядзела і малілася, каб муж не выйшаў з СІЗА інвалідам. Дзякуй родным, калегам па працы, якія падтрымлівалі мяне.

Мужа выпусцілі 16 жніўня. Ад яго я даведалася, што яму далі 10 сутак, але адседзеў ён толькі сем. Ён быў шчаслівы, што вярнуўся дадому, а я перажывала з-за недаседжаных сутак.

Думала, што ўсё — гэты кашмар скончыўся. Але, аказалася, ён толькі пачаўся. Да нас пачалі наведвацца органы апекі: нібыта дзіця жыве ў нядобранадзейнай сям'і, таму што яго бацька быў асуджаны. Прыходзілі, аглядалі кватэру, адкрывалі шафы, правяралі, што ёсць. Тэлефанавалі маім бацькам, пыталіся, як яны ставяцца да майго мужа, ці не сварымся мы. Хадзілі па суседзях, распытвалі пра нашу сям'ю. Гэта было зневажальна і вельмі непрыемна. На шчасце, нас не прызналі тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

Здавалася, вось ужо дакладна ўсё: гэты жах нарэшце скончыўся. Але не. Пачаліся званкі мужу з міліцыі: прыйсці на гутарку, падпісаць нейкія паперы. Потым яго западозрылі ў нейкім злачынстве: нібыта па геалакацыі ўсталявалі, што ён быў у тым раёне. Муж нават прайшоў дэтэктар хлусні.

Усё гэта, натуральна, суправаджалася страхам, нервовасцю, перажываннямі за сябе, мужа, дзіця.

Пакуль у нас зацішша, але наша жыццё змянілася. Мы сядзім як на парахавой бочцы і падумваем пра тое, каб з'ехаць з Баранавічаў, таму што перажываем за сваю бяспеку. Гэта вельмі страшна, калі да тваёй сям'і столькі неабгрунтаванай увагі з боку розных органаў. Ты не ведаеш, чаго чакаць. Я баюся за ўсё.

Калі раней я чакала мужа з працы без трывогі, то цяпер я кожны раз думаю, прыйдзе ён сёння ці не. Калі раней я не зачыняла дзверы (мы жывём у прыватным доме), то цяпер зачыняюся на ўсе замкі і баюся нават прыходу паштальёна.


Алена, 30 гадоў: «Быццам бы ўсё скончылася, а пачуццё страху засталося»

— Мой муж Андрэй знаходзіўся ў СІЗА-6 г. Баранавічы з 10 па 16 жніўня. Яго затрымалі ўвечары 10 жніўня ў цэнтры горада.

Мы ехалі да плошчы, мужу трэба было ў салон сотавай сувязі. Абмоўлюся адразу: мы не ведалі, што адбывалася ў горадзе і краіне ўвечары 9 жніўня — інтэрнэту не было, тэлевізар мы не глядзім, таму спакойна селі ў машыну, узялі 6-гадовага сына і паехалі. Супрацоўнік ДАІ накіраваў нас у аб'езд па вуліцы Царука: плошча была перакрытая. Прытармазілі каля банка, Андрэй пайшоў у бок салона і... знік.

Мы чакалі. Час ішоў. Я набрала мужу на мабільны, але тэлефон маўчаў. Я стала хвалявацца, пастаянна набірала яго нумар, але беспаспяхова. Я не разумела, што здарылася, але старалася не панікаваць: не хацела трывожыць сына. Вырашыла, што будзем чакаць.

Раптам да адной з машын, якія стаялі на вуліцы, падбеглі сілавікі ў шлемах, са шчытамі і сталі выцягваць з салона людзей. Нейкая дзяўчына стала крычаць мне: «Разварочвайся і едзь!» Было страшна. І было адчуванне, быццам гэта адбываецца ў кіно. Я не памятаю, як завяла машыну, як ехала дадому. Толькі памятаю словы сына, які таксама бачыў тое, што адбылося: «Тату таксама забралі?»

Дзе Андрэй, што з ім, што мне рабіць, я не ведала. З пошукамі дапамагаў бацька. Мы звярталіся ў міліцыю, пракуратуру... Здавалася, што чалавек выпарыўся. Толькі праз два дні даведаліся, што Андрэй у СІЗА. І толькі таму, што бацька паехаў туды і некалькі разоў прасіў даведацца, ці ёсць такі.

За гэтыя дні я столькі перажыла, я не магла спаць, есці. Я моцна схуднела. Сын увесь час плакаў і пытаўся, калі вернецца тата.

Даведаўшыся пра месцазнаходжанне мужа, я супакоілася, але не надоўга. З'явіўся інтэрнэт, і ад таго, што я там убачыла – фота пратэстаў, затрыманняў, збіцьця, — запанікавала яшчэ больш. Страх накочваў хвалямі, бо я не ведала, у якім стане мой муж. Усё стала няважным, акрамя яго.

На трэція суткі ў Андрэя быў суд проста ў СІЗА. Мы прыехалі да будынка ізалятара, спадзяваліся, што пасля суда яго выпусцяць. Але... Яму далі чацвёра сутак (плача. — Аўт.). Прывезла перадачу. Жанчына, якая прымала, папрасіла пакінуць свой нумар. Патлумачыла, што, калі мужа будуць выпускаць, я павінна буду забраць яго асабістыя рэчы. Ад гэтых слоў мяне пачало трэсці. Што значыць забраць яго асабістыя рэчы? Ён не можа ісці і яго вынесуць з СІЗА?

На шостыя суткі Андрэя выпусцілі, адны суткі ён не дасядзеў. Увесь гэты час я знаходзілася ў стане пастаяннага стрэсу і трывогі.

Муж выйшаў увесь сіні. Гэта быў кашмар. Мы звярнуліся ў міліцыю, знялі пабоі, напісалі заяву. Пазней атрымалі адказ: «Праверка прыпыненая».

Жыццё нашай сям'і падзялілася на «да» і «пасля». Раней да дзеючай улады я ставілася нейтральна, цяпер... я не разумею, як можна было дапусціць такое? Нельга так паступаць з людзьмі!

Я да гэтага часу не адчуваю сябе спакойна. Перажываю, што да нас дадому ў любы момант могуць прыйсці, забраць мужа. Быццам бы ўсё скончылася, а пачуццё страху засталося. Дзесьці месяц таму прыйшоў ліст са школы, што трэба правесці праверку, бо наша сям'я нядобранадзейная, бацька дзіцяці сядзеў у СІЗА. І зноў ўсплёск страху: раптам забяруць сына? Усё абышлося, але боль, пакуты, пачуццё безвыходнасці і несправядлівасці не пакідаюць мяне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: